Жыхарка Горадні згубіла $ 40 тысяч, «выйграўшы» ў латарэю паўмільёна фунтаў стэрлінгаў


З буйной сумай грашовых сродкаў у замежнай валюце рассталася даверлівая 43-гадовая жыхарка Горадні.

Як паведамляе Упраўленне ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму, жанчына трапіла на інтэрнэт-махляра, які даслаў ёй на электронную пошту ліст, што яна выйграла 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў, і, каб іх атрымаць, неабходна аплаціць паслугі па афармленні дакументаў. Жанчыну не збянтэжыў нават той факт, што ні ў якіх віктарынах і латарэях яна не ўдзельнічала.

Паколькі махляр быў вельмі пераканаўчы, раз за разам пасля чытання чарговага ліста пацярпелая пералічвала транш у памеры $ 1.500-2.000, каб нарэшце высветліць праблемнае пытанне з афармленнем дакументаў і атрымаць выйгрыш. Надзея жанчыны раставала па меры таго, як штораз большая сума аказвалася ў кішэні ў аферыста, які, хутчэй за ўсё, быў не адзін.

Як паведаміў начальнік крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Горадні Віталь Асоцкі, частка пераведзеных грошай была знятая ў Нігерыі, частка – у Вялікай Брытаніі. Гэтак, пералічыўшы за мяжу каля $ 40 тыс. і канчаткова ўсвядоміўшы, што яе «кінулі», жанчына звярнулася ў міліцыю, якая ўзбудзіла справу па ч. 3 арт. 209 КК (махлярства).

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў