Жыхара Вялейкі асудзілі на смяротнае пакаранне двойчы


У Вялейцы адбылося выязное паседжанне суда Менскай вобласці, які вынес смяротны прысуд мужчыну за забойства сужыцелькі.

Абвінавачанага ўжо судзілі за забойства ў савецкі час – і таксама вынеслі смяротны прысуд. Аднак пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны Суд смерць замянілі 15 гадамі турмы, бо ў СССР не існавала пажыццёвага зняволення.

Паводле інфармацыйнага парталу «Край», у жыцці абвінавачанага таксама ёсць эпізод нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага.

Гэтым разам справа разглядалася паводле артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю».

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў прадстаўнік пракуратуры Менскай вобласці. Ён лічыў, што абвінавачаны заслугоўвае расстралу.

Згодна з артыкулам 139, забойства з асаблівай жорсткасцю караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.

Суд задаволіў просьбу дзяржаўнага абвінаваўцы.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў