Жыхара Віцебску асудзілі за распальванне нацыянальнай варожасці


Два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год, за размяшчэнне «УКантакце» відэазапісаў экстрэмісцкага зместу. Такое пакаранне вынес суд жыхару Віцебска Пятру Трублінскаму. Акрамя зняволення ён мусіць аплаціць і крымінальна-справавую кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічыняў – 1225 рублёў.
Прычынай узбуджэння крымінальнай справы сталі відэазапісы, якія 28-гадовы Пётр Трублінскі публікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». У прыватнасці Трублінскі ствараў суполкі кшталту «Алкаголікі Віцебска», «Сатаністы і готы Віцебска», «Фільмы жахаў», «Нарвежскі блэк-метал». Пакідаў каментары, у якіх адзначаў, што шкадуе, што няма Гітлера, які, маўляў, навёў бы парадак у цэлай Еўропе, публікаваў і гістарычныя відэа прамоваў Гітлера.
Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Пятра Трублінскага распачаўся яшчэ ў верасні ў Віцебскім абласным судзе. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. З пачатку разгляду справы з такім хадайніцтвам выступіў пракурор і суддзя падтрымала гэты зварот, «дзеля папярэджання распаўсюду матэрыялаў экстрэмісцкага зместу, якія згадваюцца ў справе, трэцімі асобамі».
Рашэнне суда ад 13 верасня яшчэ не ўступіла ў сілу і можа быць абскарджана на працягу 10 содняў у Вярхоўным судзе праз Віцебскі абласны суд.
ВС, «Белсат»
Стужка навінаў