Жыхар вёскі Хайсы пайшоў у лес па журавіны ды натрапіў на чалавечыя парэшткі


Жыхар вёскі пад Віцебскам, знайшоў 7 раскапаных брацкіх магілаў.

«Падʼязджаю да балота, тут бачу адразу жоўтая зямля, пакуль жонка пайшла да балота, я падышоў паглядзець, раз пабачыў, пайшоў далей глядзець, што тут гэтыя ямы», – распавядае мясцовы жыхар Юрый Садкоў.

Са словаў мужчыны, ён падумаў, што могілкі раскапалі ў пошуках каштоўных металаў гэтак званыя чорныя капачы ды адразу звярнуўся ў міліцыю. Але мясцовыя ахоўнікі правапарадку толькі агледзелі лес, забралі некалькі костак і зʼехалі. Мінуў тыдзень, а косці як ляжалі, так і ляжаць.

Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што не ведаюць нічога ані пра гэтыя пахаванні, ані пра тых, хто іх раскопваў.

«Можа хтосьці пайшоў у лес і пачаў займацца тым, чым не трэба было. Ніякіх захараненняў, ніякай інфармацыяй мы не валодаем», – кажа Леанід Дубіна, старшыня Мазалаўскага сельсавету.

Пры гэтым два гады таму ў суседнім лесе ўжо знаходзілі паўдзесятка такіх жа раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі ды асабістымі рэчамі. Быў у тым лесе і Леанід Дубіна – і тады ў інтэрвʼю радыё «Свабода» на пытанне пра помнік для загінулых адказаў, што на гэта няма грошай.

Мясцовыя ж актывісты ўжо назвалі вёску Хайсы «віцебскімі Курапатамі». Старажылы расказваюць, што акурат у гэтых лясах у 1937 годзе расстрэльвалі мірнае насельніцтва. Сведчаць пра расстрэлы і дзіркі на патыліцах знойдзеных чарапоў. Але афіцыйных дакументаў неабыякавыя знайсці не могуць.

«А што вам вядома пра расстрэлы ў віцебскім раёне? Нічога не вядома! А што вам вядома пра расстрэлы ў віцебскай вобласці і горадзе Віцебску? Нічога! Не хочуць хлусіць таму што гэтая ўлада нашчадкам зʼяўляецца той улады», – мяркуе Ян Дзяржаўцаў з грамадскай ініцыятывы «Хайсы».

Бліжэйшым часам актывісты плануюць накіраваць заяву ў следчы камітэт Віцебскай вобласці, бо гэтая справа для грамадскай ініцыятывы «Хайсы» прынцыповая.

«Зараз, і ў 2010, і ў 2017 людзей ні за што цкуюць, катуюць, так і гэтых, іх ні за што білі, і вунь колькі іх тут ляжыць, а іх родныя не могуць прыйсці, як мы прыходзім на радаўніцу», – працягвае Ян Дзяржаўцаў.

Што далей будзе з парэшткамі ды ці прызнаюць пахаванні месцам масавага расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, пакуль невядома. Пакуль жа косці і чарапы застаюцца ляжаць каля раскапаных ямінаў.

Чытайце таксама:

Наста Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў