Кіроўца з Магілёва атрымаў штраф за георгіеўскую стужку на шыбе аўтамабіля


[vc_single_image image=”368490″ img_size=”large”]

У Магілёве органы правапарадку аштрафавалі на Br 90 тыс. уладальніка аўтамабіля «Пежо-308», на шыбе якога было напісана «Севастопаль, Данецк, Луганск, Адэса» і была налепленая шырокая георгіеўская стужка.

У пачатку жніўня старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў запатрабаваў узбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да ўладальніка «Пежо-308». На думку палітычнага актывіста, такі пералік гарадоў паўднёвага ўсходу Украіны і георгіеўская стужка сведчаць аб падтрымцы ўладальнікам аўтамабіля сепаратызму і экстрэмізму ў суседняй краіне. Ён патрабаваў, каб аўтамабіліст быў прыцягнуты да адказнасці па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці), падаюць naviny.by.

Магілёўская міліцыя правяла праверку, але кіраўніцтва Ленінскага РАУС Магілёва не ўгледзела ў дзеяннях кіроўцы аўтамашыны «Пежо» прыкметаў распальвання нацыянальнай варожасці, паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкаму Павел Смірноў.

Разам з тым у дачыненні да кіроўцы «Пежо» склалі па артыкуле 18.12 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў за невыкананне правілаў эксплуатацыі транспартнага сродку, што выявілася ў размяшчэнні не прадугледжанай правіламі дарожнага руху налепкі на задняй шыбе аўтамабіля. У выніку на кіроўцу наклалі штраф памерам у Br 90 тыс., паведаміў Смірноў.

Згодна з пунктам 194.13 правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з вонкава бачнымі налепкамі (выявамі), акрамя тых, якія размяшчаюцца ва ўстаноўленым парадку апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў