Жыхар Краматорску: Акрамя страху ў людзей з'явілася азлобленасць да тэрарыстаў


Сведка жудаснай атакі тэрарыстаў на ўкраінскі горад распавядае пра трагедыю ў эфіры «Белсату».

Віталь: Каля 13-й гадзіны паводле нашага часу раптоўна пачалі раздавацца жудасныя ўдары. Мы ўжо звыкліся, што вайскоўцы вучацца страляць на палігонах, але гэтым разам было інакш. Было чутна, што прыляцелі снарады менавіта ў горад. Я быў дома, вызірнуў у вакно і пабачыў, што снарады ўпалі ў раёне аэрапорту. Праз нейкі час стала зразумела, што быў нанесены ўдар па жылых дамах, практычна па цэнтры гораду. Некаторыя снарады ўпалі літаральна на адной з цэнтральных вуліцаў Дварцовай. Было жудасна, да сённяшняга дня Краматорск быў упэўнены, што мы ў тыле і ў адноснай бяспецы.

«Белсат»: Што зараз адбываецца ў Краматорску? Ці з’явіўся ў людзей страх зноў?

Віталь: Складана сказаць, але, безумоўна, нейкі страх ў людзей з’явіўся. Але з’явілася і шмат такой азлобленасці ў адносінах да тэрарыстаў, да тых, хто гэта здзейсніў. Я пражываю даволі далёка ад аэрапорту, выйшаў каля 16-й у краму, і высветлілася, што літаральна ў пяцістах метрах ад мяне ўпаў снарад. Людзі вакол, у асноўным, выказвалі адабрэнне вайскоўцам і жадалі, каб яны хутчэй пакаралі тых, хто зрабіў такое з горадам сёння.

«Белсат»: Такім чынам жыхары лічаць, што гэта ўсё ж такі справа рук тэрарыстаў?

Віталь: Большасць – так. Але ў той жа час ёсць і тыя, хто станоўча ставіцца да сепаратыстаў. Яны як заўсёды сцвярджаюць, што гэта Украіна абстраляла сама сябе, не ведаю, хто ў гэта верыць. Але большасць такія сцвярджэнні не ўспрымае, магу сказаць па сваіх знаёмых, сябрах. Ніхто ўжо Расеі не верыць. Нават па накірунку снарадаў было зразумела, адкуль яны прыляцелі, гэта відавочна не Украіна зрабіла.

Краматорск абвергся ракетнаму абстрэлу з боку баевікоў 11 лютага прыкладна а 12:30. У выніку, па дадзеных Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, загінулі 15 асобаў.

Стужка навінаў