Жыхар Глыбокага: «Трэба нешта змяняць у гэтай палітыцы»


Форум прайшоў, але праблемы прадпрымальнікаў засталіся. Напярэдадні прадстаўнікі Міністэрства гандлю паабяцалі разабрацца з сітуацыяй адносна абавязковай сертыфікацыі тавараў да канца гэтага тыдня. А пакуль рынкі, у тым ліку ў рэгіёнах, амаль пустыя. Гандляры распрадаюць на сваю рызыку рэшткі тавараў, пакупнікі ходзяць між радамі без настрою.

«Канешне, трэба нешта змяняць у гэтай палітыцы. А гандляры павінны быць», – мяркуе жыхар Глыбокага.

З сёння магілёўскія гандляры пастанавілі не выходзіць на працу да канца гэтага месяца. Але агульнага аптымізму пасля ўчорашняй сустрэчы ў Менску ўсё ж не губляюць.

«У мяне склалася ўражанне, што нейкі зрух пайшоў. І мы ўсе тут спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні нам дадуць працаваць. Таму што калі нам не дадуць працаваць, сказаць сумленна, мне нават страшна думаць, што я буду рабіць», – прызнаецца прадпрымальнік з Магілёву Уладзімір Шапіра.

Не густа і на сталічных рынках. Частка гандляроў працягвае працаваць, але бальшыня пастанавіла не выходзіць на працу. Самыя ж пакупнікі скардзяцца на адсутнасць выбару тавараў ды на рост коштаў.

«Ён хоча зрабіць усё, каб загнабіць прадпрымальнікаў. Хоча цалкам узнавіць савецкую ўладу», – зазначае мінак з Менску.

Дапамагчы прадпрымальнікам бараніць сваё гатовыя некаторыя апазіцыйныя палітыкі. Гэтак, напярэдадні Мікола Статкевіч прапанаваў ім масава падаваць скаргі ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. У сваю чаргу лідар АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што прадпрымальнікам трэба ісці ў палітыку. Самыя ж гандляры мяркуюць, што супрацьстаяць дзяржаве можна толькі абʼяднаўшы сілы з усіх рэгіёнаў.

«Мусяць падтрымліваць і маленькія, такія як Глыбокае, такія як Шаркаўшчына, такія як Міёры. Нават калі ты ў вёсцы, і займаешся прадпрымальніцтвам. Бо дзяржава стварыла для нас немагчымыя ўмовы працы», – тлумачыць прадпрымальніца з Глыбокага Людміла Барэйка.

Пакуль жа гэткія ўмовы застаюцца, а разам з імі – і неразвязаная праблема паўмільёна айчынных дробных бізнесоўцаў.

Віталь Бабін, Белсат

Стужка навінаў