Журналістыка – не злачынства!


«Адкрытае запалохванне і шантаж», – гэтак у «Беларускай асацыяцыі журналістаў» характарызуюць чарговую хвалю ціску на журналістаў. Гэтым разам пад прыцэлам апынуліся тыя, хто супрацоўнічае з медыямі, зарэгістраванымі за мяжою.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» выступіла з адмысловаю заяваю, у якой заклікае спыніць пераслед журналістаў. У якасці прыкладаў ціску арганізацыя прыводзіць апошнія выракі судоў супраць журналісткі Марыны Маўчанавай, матэрыялы якой зяўляліся на старонцы «Белсату» ды Алеся Залеўскага – журналіста і вядоўцы нашага тэлеканалу.

«Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя, якую Марына Маўчанава паведаміла суду на слуханнях 23 верасня: пры азнаямленні з матэрыяламі сваёй справы яна выявіла ў іх матэрыялы іншай адміністрацыйнай справы, аналагічнай па змесце і вырашанай не на карысць журналіста. (Фотакопія ў журналісткі ёсць.) Гаворка ідзе пра справу Алеся Залеўскага, з якога сёлета ў маі Карэліцкі раённы суд пастанавіў спагнаць 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічыняў) за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Журналістка небеспадстаўна лічыць, што гэтыя дакументы маглі аказаць ціск на суд, пра што яна і паінфармавала Міністэрства юстыцыі. Аднак адкласці слуханні да атрымання адказу ад гэтага ведамства суд адмовіўся», – зазначана ў заяве.

 

Чарговы выпадак пераследу журналіста меў месца ў Магілёве, дзе міліцыянты ўварваліся ў кватэру карэспандэнта „Нямецкай хвалі” Аляксандра Буракова. „Супрацоўнікі міліцыі запэўнілі журналіста, што прэтэнзій да зместу артыкулаў няма, але сам факт размяшчэння матэрыялаў на сайце «Нямецкай хвалі» (руская рэдакцыя якой існуе толькі ў інтэрнэт-варыянце) дае падставы для адміністрацыйнага пераследу. Падаўшы свой матэрыял для публікацыі на замежным сайце, журналіст нібыта парушыў заканадаўства аб СМІ, паколькі не атрымаў акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь”, – паведамляе БАЖ. Міліцыянты забралі кампютары з кватэры журналіста і з кватэры ягоных бацькоў. 30 верасня Аляксандр Буракоў мае прыйсці ў аддзяленне міліцыі дзе, імаверна, на яго складуць пратакол.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў