Журналістку Тамару Шчапёткіну пакаралі штрафам за супрацу з «Радыё Рацыя»


Адміністратыўны працэс, які адбываўся ў судзе Бярозаўскага раёну 14-15 лістапада, скончыўся штрафам для Тамары Шчапёткінай памерам у 575 рублёў. Каб вынесці такі вырак суддзі Бярозаўскага раённага суду Алене Нямковай было дастаткова паглядзець ролік на ютубе, дзе было бачна, як журналістка–фрылансэрка працуе ў Кобрынскам райсудзе.

«Больш у гэтыя суды я не хадзіць не буду – гэта не мае ніякага сэнсу. Сведка Анатоль Джыга не змог узгадаць ні маё прозвішча, ні СМІ на якое я працавала, іншая сведка Вольга Сышчаніца даслала ў суд ліст у якім не стала супраць мяне сведчыць. Сёння ж рашэнне ў суддзі Алены Нямковай было загатавана загадзя, праглядзелі ролік на ютубе і адразу штраф – 25 базавых велічынь», – распавяла журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна.

Тамара Шчапёткіна пакарана па падставе артыкула 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за тое, што яна ўзяла каментар у Вольгі Сышчаніцы, даяркі з Кобрына, на якую падаў у суд юрыст-консульт Анатоль Джыга за абразу. Гэты трэці з 2014 году штраф па гэтым артыкуле для Тамары Шчапёткінай – да гэтага яе каралі штрафамі 30 і 40 базавых велічынь.

Нагадаем, учора за супрацу з «Белсатам» асудзілі журналістку з Магілёва Аліну Скрабунову.

СА belsat.eu

Стужка навінаў