Журналістку «Белсату» Валерыю Уласік пакаралі штрафам 690 рублёў


Супраць яе распачалі справу за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». Справа вядзецца пра сюжэт пра пратэсты супраць ушчыльнення Ленінскага раёну, які выйшаў на нашым тэлеканале 24 жніўня.

«Гэта не суд. Неаднаразова прысутнічала ў калегаў і сяброў, ведала, чым гэта скончыцца. Мой суд не выключэнне. Штраф. На тое, што я казала, што не распаўсюджвала інфармацыю, ніхто не звярнуў увагі. Ім было дастаткова маёй прысутнасці ў адміністрацыі Ленінскага раёну Менску», – выказваецца Валерыя Уласік.

Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі, якія былі на сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі, каб сачыць за грамадскім парадкам.

«Калі я запытала іх, чаму яны не папярэдзілі, што за гэта пагражае адміністратыўная адказнасць, яны сказалі, што гэта не іх кампетэнцыя. На судзе быў незнаёмы мужчына, на калідоры ён размаўляў са сведкамі, таму можна рабіць высновы, хто ён і для чаго», – кажа журналістка.

У якасці прычыны выкліку ў суд у смс-паведамленні, якое атрымала Валерыя напярэдадні, гаварылася пра «адміністратыўны працэс» супраць журналісткі, але паводле якога артыкулу, не ўдакладнялася.

Агулам апошнімі днямі ў суд альбо міліцыю выклікалі пяць журналістаў «Белсату»

30 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна а 14:00 чакаюць Андруся Козела. У гэты ж дзень у суд Цэнтральнага раёну Менску выклікаюць Вольгу Чайчыц – там яна мае з’явіцца а 16:00.

У гэтым жа судзе, але а 15:00 і 17:00, чакаюць Аляксандра Баразенку і Ганну Аземшу. Супраць іх таксама завялі справы за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». 10 кастрычніка ў Аляксандра Баразенкі канфіскавалі тэхніку і аштрафавалі на 920 рублёў за нібыта парушэння аўтарскіх правоў пра выкарыстанне брэнду «Белсат».

Паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве прыблізна $ 14 000. Таксама нашых калег асудзілі на дзясяткі содняў адміністратыўных арыштаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў