Журналістку аштрафавалі на 32 базавых за артыкул пра дабрачыннасць


Артыкул быў надрукаваны на старонцы belsat.eu. Ягоную аўтарку Марыну Маўчанаву пакаралі за супрацу з «Белсатам».

Журналістка Марына Маўчанава з Бабруйску атрымала штраф за парушэнне а 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (дэ-факта за працу без акрэдытацыі – belsat.eu). Яна даведалася, што яе будуць судзіць у судзе гораду Бабруйску за дзень да працэсу. Журналістка папрасіла перанесці пасяджэнне, каб падрыхтавацца і пракансультавацца з адвакатам.

25 верасня суд прызначыў журналістцы заплаціць штраф у памеры 32 базавых велічыні (4,8 мільёны рублёў). Разам са сваім адвакатам Марына Маўчанава збіраецца падаваць касацыйную скаргу, калі атрымае матывацыйную частку прысуду.

Падставаю для судовага пераследу Марыны Маўчанавай праваахоўнікі палічылі ейны артыкул http://belsat.eu/be/articles/40290/ пра дабрачынны рух «Клуб-5000», апублікаваны ў тым ліку і на belsat.eu. У ім распавядаецца пра тое, як грамадскія актывісты дапамагаюць анкалагічным цэнтрам.

Падчас папярэдняга пасяджэння суду сярод матэрыялаў у справе Марыны Маўчанавай, якія перадалі суддзі, былі заўважаны копіі матэр’ялаў у справе журналіста Алеся Залеўскага, які супрацоўнічае з «Белсатам».

Алеся Залеўскага аштрафавалі паводле таго ж артыкула. Фактычна, гэта было пакаранне за рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры, які мае больш аўтэнтычных экспанатаў, чымся дзяржаўны.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў