Журналістку Аліну Скрабунову асудзілі на 690 рублёў за супрацу з «Белсатам»


Разгляд справы адбываецца ў Ленінскім судзе Магілёва. Суддзя – Таццяна Касцюк.

«Людзі, у якіх я брала інтэрв’ю, іх выклікалі сведкамі, але ніхто з пяці сведкаў не прыйшоў. Адзін сюжэт выключылі з разгляду, бо мінуў тэрмін (2месяцы) прыцягненгя да адказнасці. І выключылі распаўсюд. А па двум – шпаркі лось і свята дранікаў абвінавацілі ў вырабе прадукцыі СМІ і далі 30 базавых», – распавяла Аліна Скрабунова belsat.eu.

Журналістку-фрылансерку з Магілёва вінавацілі ў стварэнні і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Пратаколы склалі 30 кастрычніка. Гаворка вядзецца пра адразу тры матэрыялы для нашага тэлеканалу, якія следства аб’яднала ў адную адміністратыўную справу: пра беларускамоўную кавярню, магілёўскіх раварыстаў і мясцовае свята дранікаў.

«Гэтым разам мяне абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе матэрыялаў СМІ, што зусім дзіўна і сведчыць толькі аб адным, што міліцыя не разумее працэсаў стварэння матэрыялаў, не разумее таго, як працуе рэдакцыя і самога законадаўства – таксама не разумее. Тым больш, прэтэнзій да зместу сюжэтаў ні ў кога (ні ў сведкаў, ні ў міліцыянтаў) не было, а толькі да факта размяшчэння іх на старонках Белсата», – распавядала журналістка.

Пра самое паседжанне журналістку паінфармавалі праз смс-паведамленне 4 лістапада ўвечары, калі яна акурат паехала ўва Украіну на выходныя. Справа была перададзена суддзе Таццяне Касцюк, якая павінна была разглядаць справу 8 лістапада, але тады паседжанне праз няяўку Аліны Скрабуновай перанеслі на 14 лістапада.

У верасні фрылансерку аштрафавалі на 460 рублёў за працу без акрэдытацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў