Журналістаў выдалілі з канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў»


Ахоўнікі кажуць, што гэта рашэнне арганізатараў канферэнцыі – Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Удзел у канферэнцыі бяруць прадстаўнікі беларускай улады, прадстаўнікі НДА, духавенства і шэраг прадстаўнікоў дыпламатычных місіяў.

Канферэнцыю ў Менску адкрылі адмысловы прадстаўнік ЕЗ у правах чалавека Стаўрас Лямбрынідыс, прадстаўнік ПАРЕ Андрэа Рыгоні, былы міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, а таксама каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Адметна, што ў выказванняў беларускіх і замежных удзельнікаў падчас першай панэлі канферэнцыі гучалі словы пра неабходнасць шырокага дыялогу ў беларускім грамадстве па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.

Нягледзячы на гэта, пасля перапынку ахова папрасіла ўсіх прадстаўнікоў медыяў пакінуць залу. У гутарцы з журналістамі ахоўнікі спаслаліся на рашэнне арганізатараў канферэнцыі – Міністэрства замежных спраў Беларусі. У адказ на гэта прадстаўнікі прэсы выказалі здзіўленне. Паводле іх, выдаленне з залы журналістаў наўрад ці можа быць прыкметай згаданага вышэй шырокага дыялогу ў грамадстве, піша baj.by.

Варта адзначыць, што праваабарончы цэнтр «Вясна», які ня першы год займаецца пытаннем адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, не атрымаў запрашэння на гэтую канферэнцыю.

«Мы не баімся, ні “Вясны”, ні восені, ні зімы. Людзі павінны разумець тыя рэаліі, якія існуюць у краіне. Арганізацыя не зарэгістраваная. Яна не будзе прымаць удзелу ў мерапрыемствах, якія арганізуюцца па лініі МЗС», – заявіў 10 сакавіка намеснік кіраўніка беларускага МЗС Валянцін Рыбакоў.

Чытайце таксама >>> За колькі смерць прадаяце, спадарства?

Падчас першай панэлі сённяшняй канферэнцыі Валянцін Рыбакоў адзначыў, што нашая краіна можа абмяркоўваць пытанні смяротнага пакарання, але «рашэнне любых праблемаў варта шукаць не ў плоскасці канфрантацыі, а шляхам паважлівага дыялогу, улічваючы асаблівасці і нацыянальныя інтарэсы краіны»

ЮВ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў