Журналістаў для біцця не хапае. Пад удар усё часцей трапляюць звычайныя грамадзяне


Дзянісу 21 год, ён любіць ездзіць на самакаце. Хлопец заехаў у гіпермаркет «Карона». Ахоўнікі папрасілі прыбраць самакат, Дзяніс спакойна пацікавіўся, чаму нельга павольна ездзіць па краме. Прыйшла міліцыя – і спакой скончыўся.

«Падышоў прапаршчык міліцыі і завёў мяне ў памяшканне аховы. Там я спытаў, чаму мяне затрымалі. Ён пачаў крычаць на мяне, нецэнзурна выказвацца. Я тут жа пазваніў 102, бо для мяне не вельмі звыкла чуць такое ад працаўнікоў міліцыі», – распавядае Дзяніс Тарманаў, абвінавачаны ў хуліганстве.

Пасля спробы разабрацца з прапаршчыкам Дзяніса завезлі ў Фрунзенскае ўпраўленне ўнутраных справаў, абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Махаў рукамі, нецэнзурна лаяўся, на патрабаванні міліцыі не рэагаваў – звыклая фармулёўка для руцінных арыштаў, пад якія звычайна трапляюць апазіцыйныя актывісты. Дзяніс не прызнаў сябе вінаватым. Тады міліцыянты пасадзілі яго ў камеру на ноч. А сёння адбылося судовае паседжанне ў адміністратыўнай справе.

Праваахоўнікі пры выкананні хлусіць не могуць!

«Суддзя Ярохіна спыталася, ці я выказваўся нецэнзурна, я сказаў, што такога не было, на што яна мне адказала, што ёсць сведкі, якія былі пры выкананні, а пры выкананні хлусіць яны не могуць», – абураецца разгублены Дзяніс.

За незгаворлівасць суддзя паабяцала Дзянісу 15 дзён арышту. Паседжанне перанеслі на пятніцу.

Раней падобныя грубыя парушэнні правоў міліцыя дазваляла сабе супраць палітычных актывістаў, але цяпер пад удар усё часцей трапляюць звычайныя грамадзяне, кажа праваабаронца Алег Волчак. Міліцыянты затрымліваюць грамадзянаў за просьбу паказаць пасведчанне, бʼюць тых, хто не згодны з затрыманнем. Парушаюць, бо могуць сабе дазволіць.

«Пракурорскага кантролю практычна няма ў нашай краіне. Тое, што мусіць рэагаваць пракуратура, адназначна: распачынаць крымінальныя справы, праводзіць праверкі, караць гэтых асобаў», – тлумачыць Алег Волчак, былы следчы пракуратуры.

Б’юць і актывістаў і футбалістаў, і журналістаў

Яшчэ адна рэзанансная гісторыя міліцэйскай жорсткасці адбылася з футбалістам каманды «Ашмяны» Сяргеем Булынёнкам. Спецназ упраўлення барацьбы з карупцыяй затрымаў яго разам з іншымі гульцамі ды трэнерамі як падазраваных у арганізацыі «матчу паводле дамоўленасці». Спецназавец нанёс Сяргею моцную траўму. Пазней Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што Булынёнак з сядзення аўтамабіля некалькі разоў ударыў узброенага спецназаўца нагамі ў грудзі.

«Усё гэта няпраўда. Супраціву ніякага не было. Пры затрыманні іх проста выцягнулі з машыны і ўсіх паклалі на тратуар. Адзін удар толькі быў. Адзін удар быў, мяне ў твар ударылі. Аперацыя будзе заўтра раніцай, трэба да яе падрыхтавацца», – дзеліцца Сяргей Булылёнак.

Паводле праваабаронцаў, міліцыянт мусіць пазбягаць ужывання фізічнай сілы, але калі ўжываць, то каб затрымаць, а не скалечыць.

«Я не спрачаюся, што яны моцныя рабяты, але безадказнасць. То бок ніколі нікога не караюць за такія дзеянні», – звяртае ўвагу Алег Волчак.

Такая ў іх праца. Для прыкладу: два тыдні таму ў Лоеве Гомельскай вобласці міліцыянты жорстка затрымалі незалежных журналістаў Аляксея Атрошчанку і Кастуся Жукоўскага. У міліцэйскім пастарунку затрыманых папросту катавалі: душылі, скакалі па галаве. За гэты час Следчы камітэт нікога не пакараў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў