Журналістаў «Белсату» ўзнагародзілі на конкурсе «Вольнае слова» (Відэа)

video

Уручэнне ўзнагароды для журналіста «Белсату» Алеся Залеўскага. Фота baj.by

Прадстаўнікі «Белсату» атрымалі ўзнагароды на прафесійным конкурсе «Вольнае слова», які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У намінацыі «Дэбют» 2 месца заняла Марыя Булавінская, якая зняла для тэлеканалу «Белсат» рэпартаж «Закапаная цывілізацыя». Рэпартаж распавядае пра ўтылізацыю безгаспадарчых хатаў у сельскай мясцовасці, у выніку чаго знікаюць цэлыя вёскі. Марыя Булавінская здымала стужку ў вёсцы Рудня-Стаўбунская Веткаўскага раёну, дзе цяпер жывуць пераважна пенсіянеры.

У намінацыі «Журналісцкае расследаванне» 3-е месца заняў журналіст «Белсату», аўтар праграмы «Людскія справы» за матэрыял «Міліцыя па-за законам».

Алесь Залеўскі распавёў у матэрыяле пра закрытасць праваахоўнай сістэмы і «міліцэйскую салідарнасць», якія прымушаюць нас баяцца, а не спадзявацца на закон і справядлівасць.

«У гэтым пантэоне найлепшых журналістаў Беларусі ажно два месцы знайшліся для прадстаўнікоў нашага тэлеканалу, тым больш у катэгорыі «Дэбют» – а гэта моладзь, будучыня, і гэта вельмі добра. Нашаму тэлеканалу 9 гадоў, а для медыяў гэта нішто, а мы ўжо змаглі ўзяць найлепшыя прызы ў нашай прафесіі. А гэта значыць не толькі тое, што ў нас журналістыка развіваецца, наш тэлеканал развіваецца ў правільным кірунку, а гэта значыць тое, што я хачу павіншаваць усіх прыхільнікаў тэлеканалу «Белсат», гэта значыць, што ў Беларусі адраджаецца школа тэлежурналістыкі ў прынцыпе, калі тэлежурналістыка займаецца не абслугоўваннем дзяржавы, нейкага чалавека ці нейкай сістэмы людзей, вертыкалі, як у нас, а дзе мы сапраўды дбаем пра журналісцкія стандарты, дбаем пра інтарэсы грамадства і нашага гледача», – заўважыў Алесь Залеўскі.

На конкурс «Вольнае слова» сёлета было даслана больш за 200 тэкстаў ад 90 аўтараў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла конкурс журналісцкіх матэрыялаў «Вольнае слова» ўжо ў 9-ты раз. Конкурс ладзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства працаўнікоў медыяў, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іхнай дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.

Узнагароды прысуджаюцца найлепшым журналісцкім матэрыялам у пяці намінацыях: інфармацыйныя жанры, аналітычныя, мастацка-публіцыстычныя жанры, а таксама дэбют і журналісцкае расследаванне.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары