Журналіста хочуць пакараць за тое, што ён абурыўся георгіеўскай стужкай


Незалежнага журналіста з Берасця Алеся Ляўчука хочуць прыцягнуць да адказнасці за ананімны матэрыял на сайце Belsat.eu.

За апошнія содні выклікі ў міліцыю атрымалі адразу пяць незалежных журналістаў.

Першымі пад ціск трапілі журналісты Горадні: запрашэнні ў міліцыю атрымалі Алесь Кіркевіч, Алесь Дзянісаў і Андрэй Мялешка.

Першым у міліцыі пабываў 17 сакавіка – Алесь Кіркевіч, а на наступны дзень – Алесь Дзянісаў. Хлопцаў вінавацяць у працы на тэлеканал «Белсат».

Міліцыя праводзіць праверку паводле звароту КДБ. Правяраецца факт парушэння арт. 22.9 ч.2 КаАП – «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Падставай для праверкі стаў размешчаны на сайце тэлеканала матэрыял пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

«Нас з Кіркевічам вызвалі і ўзялі тлумачэнні. Сказалі, што да канца сакавіка будзе праведзеная праверка. І па выніках нам дашлюць паперу, што справа не ўзбуджаная, альбо павестку. То бок адміністратыўную справу распачнуць, – распавёў Belsat.eu Алесь Дзянісаў. – Што тычацца Горадні, то яны паціху перакрываюць кісларод».

Ціск адбываецца метадычна, крок за крокам, каб «непажаданыя» журналісты не маглі працаваць. Цяпер для іх дарога ў Музей гісторыі рэлігіі зачыненая, упэўнены Алесь Дзянісаў.

А вось яшчэ адзін гарадзенец Андрэй Мялешка без позвы ў міліцыю ісці адмовіўся. Журналіста ў мінулым годзе судзілі тройчы і пакаралі агулам на 105 базавых велічыняў.

У Берасці на журналіста Алеся Ляўчука быў складзены пратакол па ўсё тым жа артыкуле 22.9 ч.2 КаАП. Суд адбудзецца 26 сакавіка.

«Учора ўвечары каля дзвярэй маёй квартэты мяне чакаў капітан міліцыі Раман Трафімук. Ён мне ўручыў позву ў міліцыю. Калі я туды прыйшоў, супрацоўнік міліцыі сказаў, што супраць мяне вядзецца адміністрацыйны працэс, але пасля таго як мяне апыталі, міліцыянт дастаў з свайго стала ўжо гатовы складзены на мяне пратакол», – распавядае Belsat.eu Алесь Ляўчук.

Падчас наведвання міліцыі журналіст арганізаваў прамую відэа-трансляцыю ў інтэрнэце з аддзялення міліцыі.



Broadcast live streaming video on Ustream

«Прэтэнзіі выклікаў матэрыял, які выйшаў на старонцы тэлеканала «Берасцейцаў павіншавалі з 23 лютага кулямётам і матацыклам з георгіеўскай стужкай». Пры гэтым у міліцыі не было ніякіх доказаў, што аўтар матэрыялу менавіта я. Подпіс «А.Л.» зусім не значыць «Алесь Ляўчук», – кажа журналіст.

А сведкам выступае Анастасія Крыкунова – супрацоўніца першага святочнага агенцтва «Бюро Святаў», якое і зладзіла акцыю з георгіеўскай стужкай у гандлёвым цэнтры.

«Ніякага інтэрв’ю ў дзяўчыны я не браў. У гэты дзень я быў на месцы правядзення акцыі як прыватная асоба, мяне проста абурыла георгіеўская стужачка і ў размове з прадстаўніком кампаніі я хацеў даведацца, чаму яны выкарыстоўваюць георгіеўскую стужку – сімвал тэрарызму ва Украіне», – працягвае Алесь Ляўчук.

19 сакавіка мусіць з’явіцца ў міліцыі і рэдактар газеты і інтэрнэт-сайта «Наш Магілёў» Ігар Барысаў.

Л.А., belsat.eu

Стужка навінаў