Журналіста Алеся Ляўчука аштрафавалі на 6 млн. рублёў


Суд Ленінскага раёна Берасця аштрафаваў Алеся Ляўчука на 40 базавых велічыняў (6 млн. рублёў). Яго абвінавачвалі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ). Доказам паслужыў ягоны матэрыял, які з’явіўся ў эфіры «Белсату».

Журналіст мяркуе, што справа ад самага пачатку была сфабрыкавана.

«Такое адчуваенне, што рашэнне суд прыняў загадзя. Справу ініцыяваў берасцейскі КДБ, у гэтым працэсе ўзялі ўдзел 4 кіраўніка міліцыі: абласной, гарадской, і 2-х адзелаў раёнай. У пратаколе, які быў складзены са шматлікімі парушэннямі, зазначалася, што я не меў акрэдытацыі для працы ў Беларусі. Я прадставіў пісьмовае пацвярджэнне, што з’яўляюся пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН, а гэта значыць што аўтаматычна я маю журналісцкую акрэдытацыю, але ні водны мой довад не быў улічаны суддзёй.

Журналіст збіраецца апратэстоўваць рашэнне ў абласным судзе, але на думку Ляўчука гэта нічога не дасць.

«Гэта замова. Сёння любы журналіст нават дзяржаўных СМІ можа быць аштрафаваны. Мы набліжаемся да 37-га года, добра што яшчэ журналістаў не расстрэльваюць».

Працэс у Берасці стаў 14-ым судом за год, дзе судзілі журналіста за ягоную працу. З кожным судом сума штрафаў павялічваецца. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, агульная сума штрафаў у гэтым годзе супраць журналістаў з артыкулам 22.9 КаАП складае ўжо больш за 90 млн рублёў. «Белсату» беларускія ўлады адмовілі ў акрэдытацыі ўжо тры разы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў