Журналіст з Горадні, якому не дае працаваць міліцыя: Мая жонка расплакалася, калі даведалася


«Адзін мой знаёмы сказаў, што мне не будуць даваць працаваць, аж пакуль я не з’еду. Але з’язджаць я нікуды не збіраюся», – распавёў «Белсату» незалежны гарадзенскі журналіст Андрэй Мялешка, у дачыненні да якога за апошні год міліцыя завяла трэцюю адміністрацыйную справу.

Журналіст здзіўлены, што пераслед выклікалі не артыкулы на палітычныя тэмы, а матэрыялы пра культуру ды экалогію. «Гэтыя справы аказваюць большы псіхалагічны ўплыў на маіх родных: на маці, якая хворая на сэрца; на бабулю, якая ляжачая; на жонку, якая цяпер сядзіць з малым дзіцём ўдома. Вось гэта псіхалагічны ўплыў не на мяне, які загартаваны падобнымі рэчамі, а на людзей, якія заўсёды побач са мной», – прызнаўся спадар Мялешка.

Журналіст адзначыў, што жонка, калі даведалася, што на яго завялі чарговую адміністрацыйную справу, пачала плакаць, а маці, калі пабачыла міліцыянтаў, зрэагавала надзвычай эмацыйна, бо ўжо стамілася ад частых наведванняў няпрошаных гасцей.

На Андрэя Мялешку завялі сёлета ўжо трэцюю адміністрацыйную справу па артыкуле за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Падставай узбуджэння справы стаў артыкул пра прэзентацыю кнігі «400 імёнаў Гарадзеншчыны» на сайце «Беларускага Радыё Рацыя». Журналіста ў гэтым годзе ўжо двойчы штрафавалі нібыта за парушэнне гэтага ж артыкулу 22.9. ч.2 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў. Першы раз – у чэрвені на 4,5 млн рублёў (30 базавых), другі – у кастрычніку на 5,25 млн (35 базавых). Нагодай былі артыкулы пра акцыю гарадзенскіх лекараў «За здаровае сэрца» і пра стварэнне ў вобласці экалагічнага заказніку.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў