Альтэрнатыўная служба па-беларуску: 3 гады і турма за 3 «залёты»


Згодна з новым законапраектам альтэрнатыўная служба будзе выглядаць горш за «хімію».

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе. Яе змогуць прайсці тыя, хто не можа служыць у войску паводле сваіх рэлігійных поглядаў. Служыць давядзецца 36 месяцаў, а тым, хто мае вышэйшую адукацыю – 24 (у пачатку года ішла гаворка пра 30 і 20 месяцаў адпаведна).

Актыўны ўдзельнік кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхась Мацкевіч кажа, што дэпутаты змаглі пагоршыць свой, і так не лепшы, закон.

«Людзі, якія адбываюць хатнюю хімію ў Беларусі, маюць лепшыя ўмовы. Можна працаваць і плаціць падаткі (паводле закону заробак «альтэрнатыўшчыкаў» будзе фіксаваны» – заўв. belsat.eu). Закон працаваць не будзе, і мы будзем мець тых жа 50-60 чалавек, што праходзяць альтэрнатыўную службу ў чыгуначных войсках: вернікі цэркваў, баптысты», – кажа Міхась Пашкевіч.

Паводле новага законапраекту тры вымовы ад працадаўцы будуць лічыцца ўхіленнем ад службы, што ў Беларусі караецца крымінальнай адказнасцю.

Таксама невядома, як будзе вызначацца рэлігійнасць асобнага чалавека – яе трэба будзе даказваць чыноўніку ці ваенкаму. Суразмоўца belsat.eu лічыць, што гэта можа стварыць пэўную карупцыю: у Малдове прызыўнікі набываюць дакументы, пацвярджаючыя прыналежнасць да рэлігійных арганізацыяў, каб праходзіць альтэрнатыўную службу.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў