Журналіст Аляксандр Тамковіч прэзэнтуе кнігу «Няскораны Міхаіл Марыніч»


– Спадар Аляксандр, якія матэрыялы апроч фотаздымкаў увайшлі ў кнігу?

– У кнігу ўвайшлі пяць размоваў (на самой справе іх было значна больш) і раздзел «чорна-белая памяць», які з’явіўся пасля таго, як адзін акадэмік на памінальнай трызне па Марынічу прапанаваў зрабіць яму такі помнік, які некалі зрабіў Эрнст Невядомы Хрушчову. Маўляў, да прэзідэнцкіх выбараў 2001 года жыццё Марыніча было белым, а потым стала чорным. Мяне гэта вельмі моцна абурыла. Дарэчы, як і іншых. Адным з першых выказаўся генерал Фралоў, якога на пахаванні Марыніча я апошні раз бачыў жывым.

– Кім асабіста для Вас быў Марыніч?

Марыніч для мяне быў прыкладам мужнасці і няскоранасці.

– На якую аўдыторыю разлічана кніга?

– Кніга разлічана на тых, хто імкнецца жыць сумленна.

– Наколькі Вы самі былі добра знаёмыя з Міхаілам Марынічам?

– Асабіста я яго ведаў даволі добра. Раней я напісаў пра гэта ў сваёй кнізе «Найноўшая гісторыя ў асобах». Дарэчы, менавіта пасля нашай гутаркі ён стаў хадзіць на ігларефлексатэрапію, якая тады яму вельмі дапамагла. Мы пазнаёміліся восенню 2009 года. Запісалі першую частку. Ён некуды спяшаўся і абяцаў завітаць яшчэ раз. Але працяг размовы адбыўся толькі ў 2011 годзе. Прычына – рэзкае пагаршэнне здароўя. Тым не менш сваё абяцанне ён выканаў. На мой погляд, гэта і ёсць адна з галоўных рысаў характару Міхаіла Марыніча – трымаць слова, даводзіць усе справы да канца.

– Якія асабістыя ўражанні ад сустрэчы з ім засталіся ў памяці?

– Застаўся ў памяці ўспамін яго жонкі Таццяны пра тое, што ён «распрацоўваў» руку, каб падпісваць гэтую кнігу… Шкадую, што не паспеў выпіць з ім (як марылі) кілішак добрага сухога віна.

Нагадаем: Міхаіл Марыніч 16 гадоў прапрацаваў у будаўніцтве, у тым ліку каля трох гадоў – Аўганістане. З 1979 года пачаў працаваць у выканкаме, а з 1990 па 1991 – быў старшынём Мінгарвыканкама. З 1990 па 1994 гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, чальцом Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада. У 1991 годзе пачаў працаваць у сфэры знешняга гандлю, а з 1994-га – у дыпламатычным корпусе. Быў амбасадарам у Чэхіі і па сумяшчальніцтву Славаччыны і Вугоршчыны. Потым вярнуўся ў Беларусь, каб узначаліць Міністэрства вонкавых эканамічных сувязяў Беларусі. З 1999-га года Міхаіл Марыніч быў амбасадарам Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Падаў у адстаўку, каб удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. У красавіку 2004 года быў арыштаваны і пакараны зняволеннем на 5 з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым у завалоданні аргтэхнікай (бязвыплатна перададзенай узначаленай ім асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва» амбасадай ЗША ў Беларусі). Пры гэтым амерыканская дыпмісія ніякіх прэтэнзіяў Марынічу не прадяўляла. Датэрмінова вызвалены ў красавіку 2006 году. «Міжнародўная амністыя» прызнала яго вязнем сумлення, а потым і Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў яго ахвярай палітычных рэпрэсіяў.

Гутарыла Любоў Лунёва,belsat.eu

Стужка навінаў