ЖРЭА не будзе высяляць вазочніка Сяргея Драздоўскага з інтэрнату


Таксама адміністрацыя аднавіла Драздоўскага на ўліку тых, хто мае патрэбу ў жытле.

Кіраўнік Офісу па правах людзей з інваліднасцю ўжо 20 гадоў пражывае ў інтэрнаце на вуліцы Чырвонай 21а. Фармальна жытло было выдзеленае маці Драздоўскага, але жанчына сёлета адтуль выпісалася.

Нядаўна будынак разам з жыхарамі перадалі ва ўласнасць адміністрацыі Савецкага раёну, гаспадаром стаў мясцовы ЖРЭА. Інтэрнат прызналі «камерцыйным жыллём», а жыроўкі падаражэлі ўтрая. Сяргей звярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёну. Праз паўгода тая высветліла, што перавод быў незаконны.

«Паколькі жанчына выпісалася і выехала з інтэрната, паўстала пытанне аб законнасці пражывання яе сына. Каб заключыць дамову з новым наймальнікам, ЖРЭА папрасіла Сяргея Драздоўскага падаць шэраг дакументаў. Не атрымаўшы іх, жыллёвае абʼяднанне падало пазоў у суд. Аднак, разумеючы складанасць сітуацыі і ўвайшоўшы ў няпростае становішча чалавека, адміністрацыя раёну на пазачарговым пасяджэнні прыняла рашэнне захаваць за Драздоўскім памяшканне, у якім ён жыве», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёну Юрый Трушчанка.

Паводле чыноўніка, ЖРЭА даручана заключыць з ім дамову. Таксама Сяргея Драздоўскага аднавілі ў спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

ДД

Стужка навінаў