Жорсткасць, перавышэнне паўнамоцтваў ці звычайнае беззаконне?


«У нас міліцыі няма, у нас бандыты»: жыхары сталіцы пра беларускіх міліцыянтаў і выпадак з «затрыманнем» інваліда.

Сталічныя міліцыянты вось так затрымлівалі інваліда па зроку. За яго ўступіліся людзі. Выпадак здарыўся ля станцыі метро «Уручча» напярэдадні. На відэа, якое апублікавалі відавочцы, бачна, як сляпога літаральна спускаюць па лесвіцы.

Як высветлілася, затрыманага мужчыну завуць Дзіма. Мясцовыя жыхары яго ведаюць, бо хлопец даўно збірае грошы ў гэтым падземным пераходзе.

«Вельмі спакойны чалавек, вельмі. Прычым ён пастаянна там знаходзіўся, у яго былое сталае месца – гадоў 5-6 – я нават не ўяўляю сабе, з чаго гэта магло пачацца», – распавядае мясцовая жыхарка.

А пачалося, як кажуць у міліцыі, з таго, што падчас затрымання сляпы хлопец пакусаў міліцыянтаў ды супраціўляўся. Не тлумачаць, аднак, каму інвалід па зроку мог перашкодзіць. Днём раней выданне «Белпраўда» апісала яшчэ адзін выпадак жорсткага збіцця – інваліда-вазочніка ў Менску.

«Гэта робіцца ў сувязі з падрыхтоўкай да выбараў. Зачыстка ідзе, каб не было хворых, каб паказаць для нашых іншаземцаў, якія прыедуць з Еўропы на доўгатэрміновае назіранне, што ў нас усё чыста, акуратна», – лічыць былы следчы пракуратуры Алег Воўчак.

Пра перавышэнне паўнамоцтваў людзей у пагонах кажуць усё часцей і гучней. Месяц таму сведкі апублікавалі гэтае відэа: праваахоўнікі жорстка затрымліваюць дзяўчыну, якая загарала топлес на Менскім моры, і тых, хто за яе заступіўся. У тым ліку збіваюць з ног яе мужа на мыліцах і з дзіцём у руках.

А ў траўні АМАП гэтак расправіўся з футбольнымі заўзятарамі ў Баранавічах. Сёння цяжка сустрэць беларуса, які б асабіста не сутыкаўся з міліцэйскім бязмежжам.

АПЫТАНКА:

«Так, сутыкаўся крыху, была такая справа. Як правіла, з нашымі органамі лепш не сутыкацца».

«На футбол калі мы ходзім, да фанатаў ставяцца, як да нейкага быдла».

«Я асабіста не сутыкалася, але мае знаёмыя так».

«У нас міліцыі няма, у нас бандыты».

«Шмат некультурных трапляе ў міліцыю, таму здараюцца такія выпадкі».

«Беззаконне выльецца ў Плошчу. Рана ці позна, але гэта будзе».

Відавочна, што людзі ў форме даўно асацыююцца не з ахоўнікамі права, а з тымі, хто гэтае права парушае. Толькі цяпер на гэтыя парушэнні беларусы ўжо рэагуюць.

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў