Жонка Паўла Шарамета падае ў суд на генеральнага пракурора Украіны


Алена Прытула скардзіцца на бяздзейнасць генеральнага пракурора Юрыя Луцэнкі ў справе аб выбуху, які быў здзейснены два гады таму. Яна патрабуе прызнаць сябе пацярпелай.

Як паведамляе «Украінская праўда», Прытула перакананая, што выбух, у якім загінуў Шарамет, быў тэрарыстычным актам.

«Дзёрзкасць, з якой дзейнічалі тэрарысты, паказвае, што мэтай злачынства было не забойства Паўла Шарамета, а атрыманне псіхалагічнага эфекту ў выглядзе панікі і сумненняў сведкаў тэракту, тэлегледачоў і блізкіх загінулага Паўла Шарамета ва ўласнай бяспецы. Відавочна, што злачынства здзейсненае з мэтай запалохвання як усяго насельніцтва, так і журналістаў у прыватнасці», – напісана ў скарзе.

Яшчэ 27 лютага 2018 года Алена Прытула звярнулася да генпракурора з заявай, у якім прасіла расследаваць гэтую справу як тэракт. Юрый Луцэнка на гэтую заяву не адрэагаваў і расследаванне не было распачатае.

Алёна Прытула просіць суд абавязаць генпракурора «неадкладна ўнесці звесткі ў Адзіны рэестр дасудовых расследаванняў і пачаць расследаванне па факце здзяйснення крымінальнага злачынства па ч.3 ст.258 Крымінальнага кодэкса Украіны.

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў». Не зважаючы на тое, што расследаванне справы пад асабісты кантроль узяў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, ні выканаўцаў, ні замоўцаў злачынства да сёння гэтак і не знайшлі.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў