ЖКГ: Цвіль у кватэры з’яўляецца праз тоўстага потнага сабаку


Ад самага пачатку існавання нашага тэлеканалу выходзіць юрыдычная праграма «Маю права». Сёння а 19:05 глядзіце юбілейнае трохсотае выданне, а пакуль мы вам распавядзем цікавыя факты, гісторыі і выпадкі, якія здараліся падчас стварэння праграмы.

Першыя крокі

Першыя некалькі сезонаў «Маю права» кардынальна адрозніваліся ад таго, як зараз выглядае праграма, і як яе прызвычаіліся бачыць нашыя глядачы. У праграме быў вядоўца – юрыст Андрэй Бастунец, цяперашні старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падчас праграмы ён тлумачыў заканадаўства, запрашаў у студыю гасцей і экспертаў. Былі і сюжэты, якія ілюстравалі праблемы, якія згадваліся ў праграме. Тады «Маю права» выходзіла раз на два тыдні.

Час на змены

Пасля жорсткага разгону акцыі пратэту 19 снежня 2010 году стала зразумела, што сітуацыя ў грамадстве вельмі напружаная. У рэдакцыі «Маю права» было вырашана прысвяціць больш увагі асабістым гісторыям людзей. З новага сезону праграма стала выходзіць у тым фармаце, які так палюбіўся нашым глядачам – 4 гісторыі і апытанка.

Вінаваты – потны сабака!


Жыхарка аграгарадку Жамчужны запрасіла карэспандэнтаў «Маю права» зняць умовы, у якіх ёй даводзіцца жыць. У доме працякае дах, у сценах шчыліны, у кватэры высокая вільгаць і цвіль. Калі спадарыня Вольга звярнулася з праблемай цвілі ў ЖКГ, то да яе прыйшоў мясцовы «спецыяліст» і сцвердзіў, што ў кватэры жыве вялікі тоўсты сабака, ён пацее, падвышаецца вільготнасць і таму на сценах з’яўляецца цвіль.

Сабака Дуся, якога прызналі прычынаю з’яўлення цвілі

Глыбоцкая разня

У вёсцы Лужкі, што пад Глыбокім, на поле выкінулі парэшткі кароў. Некалькі тонаў галоў і капытоў ляжалі і гнілі побач з ракой — гэта, напэўна, самае жудаснае відовішча, якое давялося пабачыць журналістам «Маю права»

«Прыяжджайце, пакажыце ўсім, што ў нас робіцца»

На рэдакцыйную пошту і асабіста да журналістаў «Маю права» вельмі часта пішуць людзі, якія ўжо страцілі надзею на вырашэнне сваіх праблемаў.

Са сваёй праблемай звярнуўся стараста вёскі Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне. Каб даехаць да вёскі, трэба трэсціся па разбітай дарозе, рамантаваць яе ніхто не збіраўся. Карэспандэнты «Маю права» выехалі на вёску, знялі некалькі сюжэтаў. Падчас здымкаў на гэтай дарозе аператар моцна пашкодзіў кола свайго асабістага аўта. Мясцовая ўлада паглядзела сюжэты і замест таго, каб адрамантаваць дарогу папросту яе перакрыла. Не праехаць, не прайсці. Журналісты зноў выправіліся ў Дзеркаўшчыну і праз тыдзень пасля выхаду сюжэта дарогу зноў адкрылі і пачалі рамонтныя працы.

Розгалас дапамагае

У жніўні мінулага году з’явілася інфармацыя, што ў шахце «Беларуськалію» рабочы Сяргей Грынюк атрымаў сур’ёзныя траўмы, у тым ліку пералом хрыбетніка. Вось толькі начальства прымусіла маладзёна падпісаць дакументы і прызнаць траўму бытавой, быццам бы ў гэты дзень у яго быў выходны і папросту зваліўся на лецішчы з лесвіцы. Журналісты «Маю права» звязаліся з Сяргеем, каб зняць сюжэт і надаць справе розгалас. Спачатку ён і ягоная жонка адмаўляліся, але пасля ўсё ж такі звярнуліся па дапамогу да журналістаў і прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу. У выніку, Салігорскі следчы камітэт абавязаў «Беларуськалій» прызнаць траўму шахцёра вытворчаю.

Жыхар вёскі Любашава Аляксандр Шахрай раніцай пайшоў на працу, а дадому ўжо не вярнуўся. Жонцы начальства паведаміла, што ён памёр ад сэрцавага прыступу. Калегі ж Аляксандра сказалі Таццяне, што ён памёр ад паразы электрычным токам, гэта пазней пацвердзіла і экспертыза. Праз некаторы час пасля выхаду сюжэта ў «Маю права» была ўзбуджаная крымінальная справа па факце смерці працоўнага.

10 год праграма працуе, каб паказваць іншым, што трэба адстойваць свае правы, а вось як гэта рабіць у кожным выданні распавядаюць прафесійныя юрысты. Не заставайцеся сам на сам са сваімі праблемамі. Калі вы хочаце, каб да вас прыехалі карэспандэнты «Маю права», то пішыце на рэдакцыйную скрыню prava.maju@gmail.com альбо belsat.eu@gmail.com з пазнакай «Маю права». Таксама з рэдакцыяй можна звязацца праз фэйсбук-старонку. Вас пачуюць!

Самыя папулярныя сюжэты «Маю права»:

 

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары