ЖКГ патрабуе ў людзей аплаціць ужо аплачаны капітальны рамонт


600-700 новых беларускіх рублёў з кожнага на капітальны рамонт. Такія грошы мусяць аддаць жыхары дому ў Гомлі – нягледзячы на шматгадовыя выплаты камунальных адлічэнняў.

Няма рамонту – няма выбараў!

Напярэдадні вераснёўскага абрання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу гамельчукі спрабуюць дагрукацца да мясцовых уладаў.

«Мы павінныя жыць у шчаслівай, багатай і выдатнай Беларусі! Вось так! Вось гэта маё слова. Я за такую Беларусь! І за такую Беларусь я пайду галасаваць! А за такі рамонт – я вам кажу, я вельмі ў сабе сумняюся цяпер!», – абураецца Людміла Байцова, жыхарка дому № 34 на вуліцы Дворнікава.

Капітальны рамонт дому на Дворнікава меўся распачацца яшчэ ў 2010-ым. Аднак з прычыны недахопу грошай яго перанеслі на 2014-ты. Пасля – на 2016-ты. Урэшце сёлета ў лютым жыхары дачакаліся ўвагі камунальнікаў. Аднак, нягледзячы на шматлікія звароты ў домаўпраўленне ды іншыя адміністратыўныя органы, жыхарам дому № 34 адмовілі ў ацяпленні сценаў, вывадзе вонкавых батарэяў. Паабяцалі замяніць толькі каналізацыйную трубу ў прыбіральні. Рэшта – за ўласныя грошы.

«Br 150 – лічыльнік газавы, Br 150 – электралічыльнік, які нам абсалютна не патрэбны, нашыя яшчэ прыдатныя для карыстання. Трубы, якія ідуць ад кухні да прыбіральні, замененыя наагул не будуць – за свой кошт. Падʼезд – Br 100 здаць з кватэры на рамонт падʼезда. Скажыце, калі ласка, які пенсіянер можа аддаць такую суму?», – дзеліцца Людміла Байцова.

Дзе грошы?

Іншае важнае пытанне, якое задаюць людзі: калі дом стаіць з 70-ых гадоў, дзе грошы, якія яны сплачвалі на капрамонт цягам амаль пяці дзесяцігоддзяў?

«На жаль, гэта звычайная зʼява ў Беларусі. Далей будзе больш і горш. Я падтрымліваю людзей у гэтай іх акцыі, таму што больш нічога не застаецца. І ніхто сёння не ў сілах там нешта зрабіць», – падсумоўвае Уладзімір Кацюра, незалежны кандыдат у дэпутаты па Сяльмашаўскай акрузе.

Цягам апошніх гадоў дзяржава паступова здымае з сябе абавязкі ў аплаце пэўных элементаў капітальнага рамонту жылых дамоў. Напрыклад, з 2013-га замену вокнаў аплочвае ўласнік. Паводле заканадаўства, за кошт жыхароў праводзіцца ўсталяванне лічыльнікаў на ваду, газ і цяпло, унутрыкватэрнага газавага, электра- і сантэхнічнага абсталявання ды некаторыя іншыя працы. Рытарычным застаецца пытанне – ці ў стане народ, збяднелы праз працяглы эканамічны крызіс, бясконцы рост коштаў і падзенне заробкаў, заплаціць за гэта?

Лола Бурыева, «Белсат», фота – 1dzer.ru

Стужка навінаў