«Жэстачайшая лібералізацыя» ад Шуневіча. Што зменіцца ў законе аб масавых мерапрыемствах?


Сёння міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч прэзентаваў новую рэдакцыю закона аб масавых мерапрыемствах, перадае TUT.BY. Паводле абноўленага закону, цяпер дазвол уладаў не спатрэбіцца для правядзення мітынгаў у спецыяльна адведзеных месцах.

Гаворка ідзе пра месцы, дзе раней улады традыцыйна дазвалялі мітынгі – напрыклад, у раёне плошчы Бангалор.

«Надыходзіць жэстачайшая лібералізацыя гэтага закона. Мы ўводзім прынцып, які адпавядае ўсім агульнасусветным нормам – заяўны. Чалавек можа заявіць пра сваё жаданне правесці масавае мерапрыемства ва ўстаноўленым месцы, і на гэта рашэнне уладаў не патрабуецца. Калі мерапрыемства плануецца па-за устаноўленага месца, то згода уладаў неабходна », – распавёў Шуневіч.

Ён дадаў, што цалкам адмовіцца ад дазвольнага прынцыпу адразу немагчыма.

«Мы пастараемся зрабіць так, каб было зручна ўсім: і ўладам, і тым, хто заяўляе пра мерапрыемства. Пастараемся зрабіць працэдуру максімальна зручнай і спрасціць яе », – запэўніў міністр.

Змены таксама прадугледжваюць, што нельга будзе публічна заклікаць да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства да атрымання дазволу на яго арганізацыю. То бок, нельга аб’яўляць аб даце, месцы і часе правядзення мерапрыемства, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы ў СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках.

Мяркуецца, што кіраўнік мясцовага выканкама або яго намеснiк пры разглядзе заявы можа па ўзгадненні з арганізатарам змяніць не толькі дату, месца і час мерапрыемства, але і яго фармат.

Таксама журналістаў абавяжуць насіць з сабой дакументы: пашпарт і журналісцкае пасведчанне. Акрамя таго, магчыма, трэба будзе насіць бэдж на бачным месцы, прыходзіць у камізэльцы з надпісам «прэса» або выкарыстоўваць нарукаўную павязку.

Прапанаваныя змены датычацца і артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

За публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення мерапрыемства яго арганізатар, які зʼяўляецца юрыдычнай асобай, можа быць пакараны штрафам ад 20 да 100 базавых велічынь (ад 460 да 2300 рублёў). Калі зробіць гэта паўторна на працягу года, можа атрымаць штраф ад 20 да 200 базавых велічынь (ад 460 да 4600 рублёў).

КА, belsat.eu

Стужка навінаў