Жэрару Дэпард’ё на 5 гадоў забаранілі ўезд ва Украіну


Служба бяспекі Украіны на пяць гадоў забараніла ўезд на тэрыторыю краіны французскаму актору Жэрару Дэпард’ё, які мае як французскае, так і расейскае грамадзянства.

«СБУ прыняла рашэнне аб забароне ўезду Дэпард’ё тэрмінам на 5 гадоў на падставе прадстаўлення Міністэрства культуры», – цытуе агенцтва «Інтэрфакс» прэс-сакратара СБУ Алену Гітлянскую.

Гітлянская сказала, што дакументы ў дачыненні да Дэпард’ё спецслужба перадала Дзяржаўнай памежнай службе для ўнясення ў базу дадзеных, падае Бі-Бі-Сі.

Чытайце яшчэ >>>  Як з карыснага ідыёта зрабіць сапраўды карыснага ідыёта

На мінулым тыдні Міністэрства культуры Украіны накіравала ў СБУ, СНБА і Нацыянальны савет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання спіс замежных дзеячаў культуры, якія «ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы».

Жэрар Дэпард’ё, які атрымаў расейскае грамадзянства ў студзені 2013 года, неаднаразова заяўляў аб сімпатыі да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

У сакавіку 2014 года Дэпард’ё выпусціў серыю гадзіннікаў пад назвай «Ганаруся быць расейцам».

«Я гатовы памерці за Расею, таму што людзі тут моцныя; я не хачу памерці, як дурань, у цяперашняй Францыі», – заявіў 66-гадовы актор у інтэрвю выданню «Vanity Fair» вясной гэтага года.

На мінулым тыдні Жэрар Дэпард’ё пабываў у Беларусі, дзе прэзідэнт Лукашэнка паказаў яму, як касіць траву. Французскі актор пазітыўна выказаўся таксама пра падатак на дармаедства ў Беларусі.

Сёлета на Канскім фестывалі Дэпард’ё адказаў беларускай журналістцы «Слава Украіне».

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў