Жаўнеры з Паўднёвай Асеціі будуць служыць у расейскім войску


Вайскоўцы з Паўднёвай Асеціі змогуць служыць у расейскім войску на кантрактнай аснове. Пагадненне аб парадку ўваходжання асобных падраздзяленняў сепаратысцкай арміі Паўднёвая Асеція ў склад Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі было ратыфікавана 31 студзеня Саветам Федэрацыі.

Пагадненне падпісалі яшчэ 31 сакавіка 2017 года на аснове дамовы паміж РФ і Рэспублікай Паўднёвая Асеція аб саюзе і інтэграцыі ад 18 сакавіка 2015 года.

Пры заключэнні кантракту на праходжанне вайсковай службы ва Узброеных сілах Расеі грамадзянін Паўднёвай Асеціі павінен быць звольнены з вайсковай службы ў сепаратысцкіх падраздзяленнях. Далейшае праходжанне вайсковай службы гэтымі грамадзянамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам РФ, піша «Российская газета».

Паўднёвая Асеція абвясціла незалежнасць у 1992 годзе падчас збройнага канфлікту з Грузіяй. У жніўні 2008 года пасля расейска-грузінскай вайны Масква прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі. Таксама незалежнасць рэспублікі прызнала Венесуэла, Нікарагуа, Наўру і Тувалу. Грузія лічыць Паўднёвую Асецію і Абхазію рэгіёнамі, акупаванымі Расеяй.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў