Жаўнер Арміі Андэрса пісаў жонцы кранальныя лісты на трасянцы

photo

Ілля Лісай. Фота, якое сваякам аддалі ў архіве

«… из затаво что много Польских стало удирать домой, а нам Беларусам говарат что скоро пустять домой, но неизвестно когда*», – пісаў будучы жаўнер Арміі Андэрса жонцы ў Масты з савецкага лагеру. 

Шлюбны пярсцёнак з поля бою

Наведнікі папулярнай варшаўскай кавярні з цікавасцю пазіраюць на наш столік. На ім, апрача кубкаў з капучына, – 70-гадовай даўнасці сувеніры са Святой зямлі, стос чорна-белых фотаздымкаў у іржавай металёвай скрыначцы з-пад цукерак, гадзіннік з ланцужком і шлюбны пярсцёнак, выцерты ад пылу Другой сусветнай вайны…

Заручальны пярсцёнак, знойдзены ў Іллі Лісая. Фота аўтара
Заручальны пярсцёнак, знойдзены ў Іллі Лісая. Фота аўтара

Гэтыя рэчы маім суразмоўцам, Веславу і Таццяне Шыпульскім, аддалі ў Цэнтральным вайсковым архіве, які месціцца ў Ваошаве. Спадарыня Таццяна паходзіць з гораду Масты, што на Гарадзеншчыне. Ейны стрыечны дзядуля Ілля Лісай спачатку трапіў у савецкі лагер, а пасля ваяваў у легендарнай Арміі Андэрса і загінуў у баі пад Мантэфана (Montefano) у Італіі. Пра тое, што ў варшаўскім архіве захоўваюцца ягоныя асабістыя рэчы, якія могуць забраць сваякі, яны даведаліся выпадкова. Спадар Веслаў, які цікавіцца гісторыяй, вырашыў пашукаць звестак пра жончынага продка і пачаў з інтэрнэту. Першаю ў пашукавіку выскачыла якраз старонка архіву.

Лісты з лагера

«Сообщаю тебе, дорогая жена, что когда придется вернуться, квам на свою родину этого нам не извесно, раньше гаварили, что скоро, скоро отправят, а сейчас ничего не слышно. Може як разабъють эту проклятую, фашистовскую Финляндию, тогда нас може пустят, потому что сейчас нет кому работать в капальнях железной руды, мало рабочих. С поводу этого мы должны помогчи в этой работе», – пісаў Ілля Лісай у студзені 1940 года з лагеру ў Крывым Розе (Днепрапятроўская воласць Украіны) перад адпраўкаю ў Комі АССР.

Гэты здымак жонкі Вольгі Ілля пранёс праз савецкія лагеры і вайну. Фота, якое сваякам аддалі ў архіве
Гэты здымак жонкі Вольгі Ілля пранёс праз савецкія лагеры і вайну. Фота, якое сваякам аддалі ў архіве

Ілля Лісай лічыў сябе беларусам і да 17 верасня 1939 года быў звычайным працоўным, жыў побач з Мастамі, меў жонку Вольгу і траіх дзяцей: Валянціну, Веру і Паўла. Сам вырас за Уралам, куды ўся сям’я выехала падчас Першай сусветнай вайны. Пасля бацькі вырашылі вярнуцца на радзіму (тады яна знаходзілася ў складзе незалежнай Польшчы), але ў дарозе памерлі, пакінуўшы семярых дзяцей. Тыя самі дабраліся да Мастоў, уладкаваліся, малодшыя пайшлі ў польскую школу.

Ілля завёў сям’ю. Калі распачалася Другая сусветная вайна, яму было 37 і ён папоўніў шэрагі польскага войска. У верасні 1939-га, пасля таго, як савецкія жаўнеры занялі тэрыторыі Заходняй Беларусі і Украіны, НКВД арыштаваў Іллю Лісая ў Кастопалі (сёння – Ровенская вобласць Украіны). Спачатку яго трымалі ў Крывым Розе, пасля быў доўгі і пакутны шлях на поўнач. 4 траўня 1940 года ён прыбыў у Паўночны чыгуначны папраўча-працоўны лагер НКВД («Севжелдорлаг») у Комі АССР.

Вязні Севжелдорлага будуюць чыгунку Котлас-Кожва, 1940 г. Фота gulagmuseum.org
Вязні Севжелдорлага будуюць чыгунку Котлас-Кожва, 1940 г. Фота gulagmuseum.org

У лісце ад 5 сакавіка 1940 году Ілля дзякаваў жонцы за атрыманыя ад яе 46 рублёў і даваў парады, як паводзіцца пры новай уладзе:

«И если у нас будуть делать колхозы, то никакого сапротивления не ставте, а отразу соглашайтесь или записатся в колхоз или отдать землю, а самым поступать на прыватные работы где-нибудь на фабрику или так на какую работу и издому никуда не уезжайте седите на месте. Можеть кто нибудь будет вам говорить, что где нибудь живется харашо то вы не верте потому что там хорошо жить где нас нет. Что касается до скатины то старайся нажить одну але хорошую и маладую карову, а как живы будем, то другую наживём, самоглавное поберегчи адёжу и хлеб, это будет самое главное богатство нашей жизни».

Далей – рэдкія звесткі пра кошты ў лагернай краме:

«Сообщаю тебе, что у нас 1 адно кило сала стоит 26 рублей и нават 30 рублей, калбаса 40 руб. так что у нас сейчас все время великий пост, отпостим все посты, которые раньше не постили, что касается весняной работы, то старайся что нибудь укинуть у землю если не будет еще колхозов […] Еще сообщаюкак только будут делать калхозы, то каня прадай».

У наступным лісце вязень просіць, каб грошай яму больш не высылалі: крадуць па дарозе, а разам з імі не даходзіць і карэспандэнцыя…

«Говорят что скоро нас пустят домой, но нам не верится, потамучто нас сейчас стали строго держать, из затаво что много Польских стало удирать домой, а нам Беларусам говарат что скоро пустять домой, но неизвестно когда. Нас сейчас усих фатографировали на карточки, говорят что это для пашпартов для нас, из этих фотографиев которая была лишняя то отдали мне, и я посылаю вам посматрет какой я в настоящее время высматриваю. Писмо когда будеш писать то пиши только про свое жите, лишнего коечево не пиши и невер никому кто тебе, что будет говорить», – пісаў Ілля Лісай 4 траўня 1940 года, калі пра свабоду можна было марыць толькі ў самых смелых снах. Крыху больш чым праз год гэтыя мары здзейсніліся.

Нечаканая свабода

У ліпені 1941 года Польшча і СССР пад ціскам Вялікай Брытаніі аднавілі дыпламатычныя стасункі (яны былі разарваныя 17 верасня 1939 года, калі савецкі ўрад заявіў, што пасля нападу Нямеччыны Польшча дэ-факта перастала існаваць як дзяржава). Кіраўнік польскага ўраду на выгнанні генерал Уладзіслаў Сікорскі ды амбасадар СССР у Вялікай Брытаніі Іван Майскі падпісалі ў Лондане двухбаковую ўгоду. Ворагі сталі саюзнікамі супраць гітлераўскай Нямеччыны.

Савецкі ўрад дазваляе сфармаваць на сваёй тэрыторыі армію з тых, хто меў польскае грамадзянства (большасць з іх знаходзіліся ў турмах, лагерах або былі пераселеныя), спадзеючыся хутка выслаць галодных і знясіленых «ворагаў народа» на фронт. Паводле так званай амністыі з-за кратаў выпускаюць прыкладна 400 тысячаў чалавек. Разам з палякамі ўдаецца ўцячы і беларусам, якія калісьці мелі польскія пашпарты.

Эвакуацыя жаўнераў Андэрса ў Іран. Фота foto.karta.org.pl
Эвакуацыя жаўнераў Андэрса ў Іран. Фота foto.karta.org.pl

Іллю Лісая транспартуюць з Комі АССР у Южскі лагер у Іванаўскай вобласці (Расея), а пасля – у паселішча Тацішчава ў Саратаўскай вобласці, дзе паўставалі структуры Польскай арміі ў СССР пад кіраўніцтвам генерала Уладзіслава Андэрса. У архівах захавалася дата, калі наш герой запісаўся ў яе шэрагі: 3 верасня 1941 года.

У верасні ў Тацішчаве пачала фармавацца 5 Віленская дывізія пяхоты Польскай арміі ў СССР. Новаспечаныя байцы атрымалі зброю і прыступілі да вучэнняў. Савецкае кіраўніцтва настойвала на тым, каб палякаў хутчэй выслалі на фронт, што для слаба падрыхтаванага ў ваенным плане ды знясіленага фізічна асабовага складу азначала хуткую смерць. Генералу Андэрсу з вялікімі цяжкасцямі ўдалося вывезці сваіх суайчыннікаў на Блізкі Усход.

На пачатку 1942 года дывізія перамясцілася ў раён Джалал-Абаду ў Кыргызстане, а ў жніўні праз Самарканд, Ашгабад, Краснаводск і Каспійскае мора эвакуявалася ў Іран, адтуль – у Ірак. Там пасля двух рэарганізацыяў яна стала часткаю 5 Крэсовай дывізіі пяхоты (5 КДП), якая пасля ўвайшла ў склад 2 Польскага корпусу. З красавіка 1943-га жаўнеры Крэсовай дывізіі ахоўвалі нафтавыя палі ды ўдзельнічалі ў тактычных вучэннях. Нягледзячы на свабоду і брытанскія пайкі, смяротнасць пайшла ўгару: мучылі малярыя, страўнікава-кішачныя інфекцыі ды нязносная спёка.

Ілля Лісай з іншымі жаўнерамі. Фота, якое сваякам аддалі ў архіве
Ілля Лісай з іншымі жаўнерамі. Фота, якое сваякам аддалі ў архіве

У верасні дывізію перавялі ў Палестыну, дзе клімат быў лагаднейшы, жыллёвыя ўмовы лепшыя, а ў вольны ад службовых абавязкаў час можна было наведаць Святую зямлю. На пачатку 1944 года дывізію праз Егіпет перакінулі ў Італію.

Тут першым заданнем«крэсавякаў» было ўтрымаць абаронныя пазіцыі па-над ракою Сангра (Sangro). Пасля яны ўдзельнічалі ў крывавай бітве пад Монтэ-Касіна, з затым вызвалялі Анкону (Ancona) і Балонню (Bologna). Падчас наступу на Анкону дывізія вызваліла некалькі суседніх гарадоў, першым з іх –Мантэфана (Montefano), у баі за якую 4 ліпеня 1944 года і загінуў Ілля Лісай. На наступны дзень яго пахавалі на цывільных могілках, а пасля перазахавалі на польскіх вайсковых могілках у Лярэта (Loreto).

Марыў прывезці дочкам пярсцёнкі…

Пасля вайны большасць чальцоў 5 Крэсовай дывізіі засталіся ў эміграцыі. Але Ілля Лісай хацеў быць побач з роднымі. Землякі, якія сядзелі з ім у лагеры і вярнуліся пасля вайны ў Беларусь, распавялі, што ён марыў прывезці ў падарунак дочкам пярсцёнкі… У СССР жаўнераў Андэрса чакаў сумны лёс: дарога туды, адкуль з такімі цяжкасцямі яны ўцяклі, каб прайсці вайну, – у лагеры.

Падарожныя здымкі Іллі Лісая, якія сваякам аддалі ў архіве
Падарожныя здымкі Іллі Лісая, якія сваякам аддалі ў архіве

Браты Іллі Лісая ваявалі ў савецкім войску, адзін дайшоў да Кёнігсберга, другі – да Берліну. Жонка рабіла так, як раіў у лісце зняволены галава сям’і: нанялася на мясцовую мэблевую фабрыку, там і працавала ўсё жыццё. Паводле Таццяны Шыпульскай, у сям’і пра арыштаванага сваяка ніколі не размаўлялі: баяліся. Але лагерных лістоў не знішчылі. Іх захоўвае ягоная дачка Валянціна Валковіч. Цяпер яна зможа ўзяць у рукі гадзіннік свайго бацькі, па якім ён адлічваў час да спаткання з роднымі.

Спіс рэчаў з дэпазіту № 965 Іллі Лісая 

1) Пасведчанне і Памятны крыж Монтэ-Касіна № 18852;
2) Пасведчанне да памятнай адзнакі 6 Львоўскай дывізіі пяхоты;
3) Памятная адзнака 6 Львоўскай дывізіі пяхоты;
4) Кішэнны гадзіннік з ланцужком;
5) Заручальны пярсцёнак з жоўтага металу;
6) Тры ерусалімскія крыжыкі з жоўтага металу;
7) Чатыры медальёны з белага металу;
8) 12 замежных манет;
9) Сувенір са Святой Зямлі – Via Dolorosa (Крыжовы шлях) – набор абразкоў рэлігійнай тэматыкі;
10) Сувенір са Святой Зямлі – набор маленькіх паштовак;
11) 41 фотаздымак;
12) Новы запавет на расейскай мове;
13) Скураны гаманец;
14) Металічная скрыначка.

Грамадзяне Беларусі могуць атрымаць рэчы загінулых жаўнераў

У Цэнтральным вайсковым архіве (ЦВА) у Варшаве захоўваюцца дэпазіты – прыватныя і асабістыя рэчы чальцоў Арміі Андэрса, загінулых падчас баёў Другой сусветнай вайны. Большасць з іх належыць нарадзінцам Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, тэрыторыі якіх да 1939 года належалі да Польшчы. Сваякі маюць права іх забраць. Найчасцей у такім дэпазіце можна знайсці ўзнагароды (напрыклад, Крыж Монтэ-Касіна), лісты, фотаздымкі і прыватныя рэчы, сярод якіх трапілася нават штучная сківіца.

Дэпазіты з рэчамі 1648 жаўнераў трапілі ў ЦВА 10 гадоў таму з Вялікай Брытаніі. Адказны за выдачу дэпазітаў Ежы Сівіньскі (Jerzy Siwiński) распавёў «Белсату», што за гэты час толькі 52 з іх аддалі родным і блізкім. Большасць з нашчадкаў не ведаюць пра такую магчымасць, бо інфармацыя пра тое, што рэчы можна забраць, ёсць толькі на інтэрнэт-старонцы архіву. Чарговая праблема: трэба давесці сваю роднасць з загінулым (напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб шлюбе бацькоў), а дакументы прымаюць толькі на польскай мове, гэта азначае выдаткі на натарыяльны пераклад.

* Тут і далей: захаваная мова арыгіналу.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары