Жанна Нямцова пра свайго бацьку: Расея калісьці будзе свабодная, бо ён аддаў за яе сваё жыццё


У Варшаве забітага палітыка пасмяротна ўганаравалі прэміяй «Арол» Яна Карскага за «смеласць свабоды слова». Упершыню ўзнагароду прысудзілі пасмяротна. За забітага палітыка прымію атрымала ягоная дачка Жанна Нямцова.

У сваёй прамове яна падкрэсліла, што бацька доўгія гады паслядоўна заставаўся крытыкам расейскай улады і адстойваў свабоду, нават займаючы высокія пасады.

«Сапраўды, мой бацька быў арлом расейскай палітыкі. Ён больш за 10 гадоў быў у апазіцыі расейскай уладзе і быў паслядоўным крытыкам. Нават калі ён быў на высокіх пасадах, ён адстойваў свабоду. Гэта заўсёды цяжка – мець уладу і быць за свабоду. І чым больш ты ва ўладзе, тым складаней прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў, але ён рабіў гэта».

Чытайце таксама: Маскоўская мэрыя адмовілася ўвекавечыць памяць Барыса Нямцова

«Ён напісаў шмат дакладаў: «Пуцін і «Газпром», «Пуцін. Вынікі», «Пуцін. Вынікі за 10 гадоў». А 12 траўня ў Маскве адбылася прэзентацыя дакладу «Пуцін. Вайна». Мэта справаздачы – паказаць хлусню пуцінскага рэжыму. Даклад з гэтаю задачаю даў рады. Я спадзяюся, што Расея калісьці будзе свабодная, бо ён аддаў за яе сваё жыццё», – дадала Жанна Нямцова.

Прэмія Яна Карскага ўручаецца з 2000 года. Яе заснаваў сам дыпламат незадоўга да смерці. На жаданне Карскага ўзнагарода ўручаецца «палякам, якія з годнасцю клапоцяцца пра Польшчу» і грамадзянам іншых краінаў, якія, «не будучы палякамі, падтрымліваюць Польшчу».

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі «Арол» Яна Карскага прыняла камісія, у склад якой, між іншага, увайшлі Лех Валэнса, былы прэзідэнт Польшчы Александэр Квасьнеўскі ды сям’я Яна Карскага.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары