Жанчыны з апазіцыі заклікаюць спыніць фальсіфікацыі


Адмовіцца ад удзелу ў фальсіфікацыях. З такім заклікам звярнуліся да сябраў выбарчых камісіяў жанчыны-прадстаўніцы апазіцыйных партыяў. Таксама стала вядома, што назіраць за сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі будзе не лягчэй, а нават і цяжэй чымся раней. Новыя сумневы і спадзяванні прыхількаў дэмакратыі ў Беларусі ізноў развеяла ЦВК.

Кожная спроба назіральнікаў наблізіцца да стала з бюлетэнямі сканчаецца адкрытым канфліктам. Гэтак на адной з выбарчых пляцовак падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў сябры камісіі нават схаваліся падчас пераліку галасоў ад непажаданых вачэй у асобным пакоі.

Што б дазволіла пазбегнуць гэткіх інцыдэнтаў на сёлетніх выбарах? Можа… біноклі? Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі руху »За свабоду«, што збіраюцца вылучыць калі дзвюх соцень назіральнікаў. Добрая ідэя і хуткі зварот у Цэнтральную выбарчую камісію.

«Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мы звярнуліся афіцыйна ў ЦВК з просьбаю даць тлумачэнні, ці існуюць нейкія забароны на выкарыстанне гэткай тэхнікі», – гаворыць Юрась Губарэвіч з Руху «За свабоду».

Са свайго боку ЦВК адказала, што запасацца біноклямі не варта. Маўляў, выкарыстанне адмысловых аптычных прыстасаванне на ўчастках не прадугледжанае заканадаўствам. І яшчэ, весці відэаздымкі ды аўдыязапіс можна будзе выключна з дазволу кіраўніцтва выбарчых камісіяў. Паводле ж адмыслоўцаў, такія паўнамоцтвы нідзе ў выбарчым заканадаўстве не прапісаныя.

«Лідзія Ярмошына спаслалася на добрую волю выбарчых камісіяў, але відавочна, што такой волі не будзе. А тэхніка дапамагла б назіральнікам у шэрагу выпадкаў. Напрыклад, у фіксацыі яўкі. Калі ёсць магчымасць здымаць цэлы дзень, колькі людзей прыходзіць на ўчасткі, то менш было б разыходжання ў фактычным падліку, у лічбах, якія з’яўляюцца ў пратаколах. Яны ж бываюць у некалькі разоў завышаныя», – падкрэсліў Губарэвіч.

І пакуль мужчыны-апазіцыянеры апелююць да літары закону, жанчыны з дэмакратычных арганізацыяў апелююць да сумлення. Прадстаўніцы палітычных партыяў і рухаў звярнуліся гэтым разам да сябраў выбарчых камісіяў, а дакладна да іх жаночай паловы. Заклік гучыць адназначна: адмовіцца ад удзелу ў магчымых фальсіфікацыях падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў.

«На жаль, мужчыны любяць хавацца за плечы жанчын, бо адчуваюць, якую адказнасць за фальсіфікацыю яны нясуць. Ёсць Крымінальны кодэкс і адпаведныя артыкулы. Чаму слабую жанчыну не падставіць. Шмат мужчын, я ведаю, яны падросту адказваюцца ад такой пасады»,  – кажа Таццяна Севярныец з БХД.

Ці заклік мае шанец быць пачутым? Паводле апошніх звестак, якія агучыла старшыня ЦВК, доля жанчын ва ўчастковых выбарчых камісіях можа складаць нават 70 %.

Хутчэй за ўсё і сёлета выбары адбудуцца паводле добра вядомага сцэнару. Пабачыць, як насамрэч лічацца галасы, немагчыма будзе нават у бінокль.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў