«Жанчына з жывой душой». Рэквіем для нястомнай змагаркі Алаізы Пашкевіч


Помнік Цётцы

Рэвалюцыянерка, агітатар, публіцыстка, навуковец, настаўніца, паэтка, стваральніца першай дзіцячай беларускай літаратуры – каб апісаць яе дзейнасць, магла б спатрэбіцца цэлая старонка.

Аднак толькі маленькі пакойчык-музей у школе Астрына – гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе жыве памяць пра Алаізу Пашкевіч.

Перад будынкам адзінай школы ў гарадскім пасёлку Астрына нас маўкліва сустракае бялёсы помнік-прывід. Пафарбаваная скульптура Цёткі, творчасць якой мы вывучалі на занятках беларускай літаратуры. Пакручастымі школьнымі калідорамі ў пакой музею нас вядзе ветлівая настаўніца беларускай мовы Ала Сямёнаўна.

Сам пасёлак не з’яўляецца яе месцам нараджэння. Бацькоўскі маёнтак знаходзіўся крыху далей па дарозе, у вёсцы Стары Двор. Як і большасць культурных помнікаў Беларусі, хата не захавалася. З дошак будынку Пашкевічаў зрабілі школу, якая ў выніку згарэла, а ўсе рэчы расцягнулі мясцовыя.

Пры ўваходзе ў пакойчык музею красуецца стары буфет, які адразу звяртае на сябе ўвагу, таму што побытавых экспанатаў тут болей няма. Гэты буфет – адзінае, што захавалася ад бацькоўскага дому Цёткі.

Дарога, што вядзе ў музей Алаізы Пашкевіч

«Нідзе такога не ўбачыце і не знойдзеце, – з гонарам кажа наша экскурсавод. – Прывезлі са Старога Двара. Калі мы з вучнямі хадзілі і сустракаліся з жыхарамі, зайшлі ў адну хату і гаспадар кажа: «А ў мяне ёсць буфет з хаты Пашкевічаў. Я не выдумляю». Праўда, ён быў пафарбаваны блакітнай фарбай. Разам з дзеткамі аддзіралі. Пасля пафарбавалі. Паглядзіце, які ён прыгожы. Я сваім дзеткам дазваляю да яго дакранацца і кажу, што сваёй рукой да гэтага буфета дакраналася паэтка. А можа, такім чынам, любоў да радзімы і да роднай мовы перадасца і ім?»

Першая беларуская настаўніца

Другі ўнікальны экспанат музею – гэта арыгінал «Першага чытання для дзетак беларусаў». Гэтая маленькая незаўважаная кніжка была першым цалкам беларускім падручнікам для сялянскіх беларускіх дзяцей, якую ў 1906-м годзе, Алаіза Пашкевіч выдала, будучы ў эміграцыі ў Львове. У той час усе школы ў тагачаснай Беларусі былі расейскамоўныя. Сама Алаіза, працуючы некаторы час настаўніцай, не раз скардзілася, што дзеці не разумеюць расейскую. Часта прыходзілася тлумачыць як гэта будзе па нашаму, «па-тутэйшаму». Каб адчыняць праўдзівыя беларускія школы патрэбныя былі падручнікі.

Бескампрамісная радыкалка

Узрадаваная нашым зацікаўленнем Ала Сямёнаўна, не чакаючы звярнула нашую ўвагу на яшчэ адзін стэнд. Арыгінал першага выдання «Нашай Долі» з вершам Цёткі на галоўнай старонцы.

«Так-так, не з вершам Купалы або Коласа, а менавіта Цёткі», – дадае настаўніца.

У 1906-м годзе «Наша Доля» была першай афіцыйна дазволенай беларускай газетай у царскай Расеі. Дагэтуль усе выданні былі пад забаронай і цярпелі пераслед. І не дзіўна, пачатак ХХ ст. – гэта быў час бурлівай рэвалюцыйнай эпохі, барацьбы за правы рабочых, за знясенне царскага прыгнёту, у якой Алаіза Пашкевіч брала непасрэдны ўдзел, за што і вымушаная была ўвесь час уцякаць. Дазвол на выданне «Нашай Долі» даў маладой бунтарцы надзею, што яна зможа хоць якісьці час без перашкод пажыць на радзіме. Яна вырашаецца вярнуцца ў Вільню, каб разам з сябрамі выдаваць газету. Некаторыя лічаць, што менавіта бескампрамісны радыкалізм Цёткі пахаваў газету. У хуткім часе пасля 6-ці выданняў газету забаранілі, рэдактара-выдаўцу на год пасадзілі ў вязніцу, а гарачая рэвалюцыянерка вымушана была ізноў хавацца ад царскіх жандараў.

Хворая на навуку

Цяжка паверыць, але ўлічыўшы, што гэта быў самы пачатак ХХ ст., і маладыя барацьбіткі за правы жанчын толькі-толькі выбілі сабе права прысутнічаць на лекцыях універсітэтаў у якасці вольных слухачак, Алаіза Пашкевіч умудрылася атрымоўваць адукацыю ў 4-х навучальных установах.

Маючы вялікае жаданне ўдасканальваць свае веды, яна распачынала вучобу ва ўніверсітэтах у Пецярбурзе, Львове і Кракаве.

Аднак удалося скончыць толькі Рускае прыватнае семінарскае жаночае вучылішча з Вільні, якое забяспечыла для яе стабільны хлеб настаўніцы арыфметыкі. Пасведчанне з вучылішча таксама знаходзіцца ў музеі.

Чалавек з жывой душой

«Адразу самавызначалася беларускаю і гэткаю засталася назаўсёды. Незвычайна жывога характару, вельмі яркая, яна вылучалася нават у шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне «чалавека з жывой душой», – такое ўражанне пакінула маладая авантурная Алаіза на свайго будучага мужа, літоўца Стэпонаса Кайрыса.

Пазнаёмілася яна з ім на студэнцкіх сходках у Пецярбургу ў 1905-м годзе.

Толькі праз 6 гадоў яна выйдзе за яго замуж, маючы 35 гадоў і будучы старэйшай за Стэпонаса на 3 гады. Аднак сямейным жыццём, якое праходзіла ў Вільні, Алаізе Кайрыс наканавана цешыцца толькі 5 гадоў. Першая сусветная вайна прымушае ізноў забыцца на спакой. Разам з мужам жанчына ў Вільні стварае дзіцячыя прытулкі. Яе маці з сёстрамі з маёнтку ўцякаюць на ўсход. У Старым Двары застаецца толькі хворы бацька, які пашкадаваў гаспадарку. 6 студзеня 1916 ён памірае ад тыфу. Прыехаўшы на пахаванне, Алаіза застаецца на радзіме, каб дапамагаць хворым, маючы багаты досвед працы фельчаркай. Аднак хвароба губіць і саму Цётку.

Жонка літоўскага змагара

Як аказалася, першую вайну Стэпонас перажыў. Пасля смерці жонкі нават знайшоў яе сястру з маці сярод іншых бежанцаў у Чавусах у Магілёўскай вобласці. Зяць не адразу вырашыўся сказаць праўду пра смерць Алаізы. Аднак маці адчула бяду сама, страціўшы перад гэтым сына.

Муж Алаізы быў такім самым апантаным змагаром за сваю радзіму, як і яго жонка. У 1918-м годзе ён быў адным з тых, хто падпісаў Акт аб незалежнасці Літвы.

У 1923-м годзе Стэпонас Кайрыс працаваў прафесарам Каўнаскага ўніверсітэту. Паўторна ажаніўся і ў 1942-м годзе падчас акупацыі немцамі разам з другой жонкай яны апекаваліся 11-ці гадовай габрэйскай дзяўчынкай.

У часе Другой сусветнай вайны змагаўся, каб літоўскую моладзь не вывозілі ў Нямеччыну, за што сядзеў у фашыстоўскай турме. У 1945-м яму ўдалося ўцячы праз Нямеччыну ў Амерыку. Стэпонас Кайрыс памёр у Брукліне ў 1964-м годзе. У 1991-м годзе яго парэшткі перавезлі ў Літву і перапахавалі ў Коўне.

18 лютага па старым стылі мінае 101 год з дня смерці Алаізы Пашкевіч.

Чытайце таксама:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў