Галадоўніца з «Маці 328»: На нас спрабуюць ціснуць псіхалагічна


У Калінкавічах і Пухавічах працягваюцца бестэрміновыя галадоўкі актывістак руху «Маці 328».

Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па крымінальным артыкуле 328 для сваіх дзяцей, якія адбываюць пакаранне за ўжыванне наркатычных сродкаў.

Раніцай 5 траўня Таццяна Канеўская распавяла belsat.eu пра настрой жанчын, якія з 27 красавіка трымаюць галадаванне.

«Аказваюць псіхалагічны ціск»

Пакуль проста чакаем.

Па тых каментарах і выказваннях, якія бачым у медыях, што спрабуюць аказваць нейкі псіхалагічны ціск.

Кажуць, што нават калі будуць змены ў заканадаўстве, якія нам абяцала Качанава (кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі), то гэта будзе толькі зніжэнне парогу турэмных тэрмінаў. Кажуць пра тое, што нашых дзяцей, якія цяпер сядзяць, гэта не тычацца. Спрабуюць нас крыху так разбалансаваць, каб мы тут запанікавалі. Але ў нас ніякай панікі няма, мы ўсё роўна спадзяемся, што ўрад нас пачуе.

Пра ўплыў галадоўніц на чыноўнікаў

Я думаю, тая сустрэча, якая ў нас была запланаваная ў Генпракуратуры ў Канюка, не проста так, літаральна адразу ж пасля сустрэчы ў Качанавай, была адмененая.

Яна абяцала нам, казала: «Вы мусіце мне верыць». І «паверце мне, я пастараюся зрабіць, усё магчымае ў кароткія тэрміны», каб законапраект прайшоў узгадненне. І выслаць нам ліст пра тое, на якім этапе знаходзіцца законапраект.

«Настрой баявы, пойдзем да канца!»

Шэсць асобаў у Калінкавічах, і, здаецца, сем асобаў, так і засталося, у Пухавічах. Але там вельмі кепска адной жанчыне, у яе няма жоўцевай бурбалкі, у яе пачаліся прыступы, і, хутчэй за ўсё, яе сёння адправяць дадому.

Настрой баявы. Няхай ніхто не думае, мы не ўпалі духам. Мы будзем ісці да канца. Мы так доўга чакалі, амаль 2,5 гады, каб хоць нешта правярнулася, і пакуль гэтае кола не закруціцца… да канца мы пойдзем!

Удзельніца Руху «Маці 328» у «Гарачым каментары»

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў