Жанчына справакавала ДТЗ і збегла, а ДАІ вінаваціць кіроўцу

ВІДЭА

Здарэнне адбылося на Лагойскім тракце ўвечары 30 верасня. Жанчына выскачыла на чырвонае святло пад аўтамабілі, давяла да ДТЗ і ўцякла з месца здарэння. На шчасце, яна паспела праскочыць паміж машынамі, але кіроўцы не пазбеглі сутыкнення.

Максім Цофін, кіроўца «Citroen», каб не збіць жанчыну, затармазіў і з’ехаў са свайго шэрагу ўлева, дзе ў яго ўехаў «Renault».

На месца сутыкнення выклікалі ДАІ. Інспектар у пратаколе напісаў, што ў ДТЗ вінаваты кіроўца Citroen – нібыта не прапусціў Renault. Аднак мужчына не згодны. Сёння Максім Цофін наведаў ДАІ Савецкага раёну.

«Яны па-ранейшаму ставяць у віну мне парушэнне пункта 59 ПДР (перастраенне), матывуючы гэта тым, што тармазіць я павінен быў у сваім шэрагу. Чамусьці пра віну пешахода увогуле чуць не хочуць. Папрасіў прымяніць да мяне пункт 5.3. КаАП (крайняя неабходнасць). Разбіральніцтва працягваецца», – кажа кіроўца.

Начальнік ДАІ Савецкага раёну паабяцаў звязацца з мужчынам.

«Складваецца ўражанне, што для ДАІ наяўнасць пешахода ў дадзеным інцыдэнце, як костка папярок горла. Яны трактуюць усё з пункту гледжання ПДР, некарыстаючыся здаровым розумам. Ёсць ДТЗ, ёсць два кіроўцы. Павінен быць нехта вінаваты», – дадаў ён.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары