Жадан: Падобна, «русский мир» добра пачуваецца ў Беларусі


Абноўлена. Забарону на ўезд у Беларусь Сяргею Жадану анулявалі.


Жадан запрашае беларускіх міліцыянтаў развітацца

Украінскі пісьменнік пракаментаваў «Белсату» забарону на наведванне нашай краіны.

«Белсат»: Якія ў вас эмоцыі пасля начнога затрымання.

Сяргей Жадан: Якія эмоцыі? Па-першае, хочацца падзякаваць усім, хто падтрымаў у гэтай сітуацыі. А адносна гэтага прэцэдэнту – сапраўды непрыемна.

Непрыемна, таму што зразумела, што ў гэтай сітуацыі нас, украінцаў ды беларусаў, проста выкарыстоўвае трэці бок, які стварае ўсе гэтыя спісы і які ўласна стварае вобраз ворага. Гэты бок нас проста выкарыстоўвае як разменную манету, і гэта вельмі непрыемна, як і тое, што беларускія ўлады фактычна падгульваюць гэтаму трэцяму боку.

«Белсат»: Ці можна пасля таго, што адбылося з вамі, казаць, што «русский мир» сябе добра пачувае ў Беларусі?

Сяргей Жадан: Падобна на тое. Глядзіце, тут проста некалькі рэчаў, якія нават нас, украінцаў, якія ў прынцыпе разумеюць, чым зʼяўляецца сённяшняя Расея, усё роўна здзіўляюць.

Вось мне паставілі штамп аб забароне ўезду, але не паставілі даты, на які тэрмін мне забаранілі ўязджаць, а на маё пытанне, чаму так, кажуць: «Таму што мы не ведаем, наколькі Расея забараніла вам уязджаць». Расея ў гэтым плане нібы задае тон, вызначае парадак і што яна кажа, тое Беларусь выконвае. Гэта, па-мойму, настолькі дзіка выглядае, але такая сітуацыя, і яна, мне здаецца, страшна трывожная.

Трывожная для вас, беларусаў, і для нас, украінцаў, таму што вы нашыя найбліжэйшыя суседзі, нашыя партнёры. Нам з вамі няма чаго дзяліць, а так атрымліваецца, што прыходзіць старэйшы брат і кажа: «Гэта ў нас вораг, а гэта не вораг, гэта тэрарыст, а той экстрэміст, з гэтым можна сябраваць, а з тым – нельга». Беларускія ўлады чамусьці гэты ўспрымаюць і чамусьці гэтым кіруюцца.

Працаўнікі сталічнай міліцыі прыйшлі ў гатэльны нумар Сяргея Жадана ноччу і забралі яго ў аддзяленне, дзе высветлілася, што паэту забаронены ўезд на тэрыторыю РФ (за «датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці»). У выніку ўкраінскаму пісьменніку паставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін.

Больш падрабязна пра гісторыю, якая здарылася з Сяргеем Жаданом, глядзіце ў вечаровым выданні «Абʼектыву».

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў