Землякі абгарэлага на Данбасе бурата: Нам не падабаецца, што буратаў паказваюць варварамі


Беларускі журналіст і падарожнік Аляксандр Гойшык у сваім вялікім падарожжы па Расеі выпадкова спаткаў хлопцаў-буратаў, якія паходзяць з пасёлку жаўнера РФ, які абгарэў у танку на Данбасе і якога ў шпіталі наведаў Іосіф Кабзон.

Аляксандр Гойшык, які быў вядоўцам праграмы праграмы «Белсату» «Аўтастопам праз Еўропу», ужо каля двух тыдняў падарожнічае па Расеі. У адным з пасёлкаў Забайкалля ён спрабаваў спыніць машыну, каб дабрацца аўтастопам у Іркуцк. Яго падабраў «Лексус» з танаванымі шыбамі, распавёў падарожнік Belsat.eu.

У аўце ехалі тры хлопцы-бураты, якія паведамілі, што паходзяць з Агінскай Бурацкай акругі Забайкальскага краю. Былы аператыўнік Следчага камітэту Дзяніс, выратавальнік з МНС Намдак і судовы прыстаў Тумэн ехалі з Чыты ва Улан-Удэ адпачыць ды пагуляць у клубах, бо «там танней і больш файных месцаў».

Хлопцы вельмі ўсцешыліся, пачуўшы, што іх спадарожнік – беларус. Намдак прызнаўся, што ў ягоных бацькоў у сяле трактар «Беларус». «Такі, як ты», – пажартаваў бурацкі хлопец, звярнуўшыся да Аляксандра.

Тумэн жа запытаўся, што беларус думае пра Украіну і Данбас. Падарожнік паспрабаваў далікатна абмінуць тэму, але ягоныя новыя знаёмцы самі заўважылі:

«Ды добра, не пераймайся ты, нам самім не падабаецца, што буратаў хочуць крайнімі зрабіць і нейкімі варварамі паказаць».

Бураты распавялі, што абгарэлы жаўнер на Данбасе, якога наведаў у шпіталі Іосіф Кабзон, – гэта малады хлопец 1991 года нараджэння з іхнага селішча, якога пасля заканчэння школы забралі ў войска. Суразмоўцы Аляксандра адзначылі, што іхнага аднавяскоўца адправілі ў Растоў, а адтуль на Данбас.

«Ён быў жаўнерам тэрміновай службы. Ваяваў не за грошы ды ідэю «пра расейскі свет», а паводле загаду», – адзначылі бураты.

Яны дадалі, што ў інтэрнэце праславіўся таксама бурацкі баец «за расейскі свет» Ваха, папулярнасць якога параўноўваюць з вядомасцю аднаго з правадыроў сепаратыстаў – «Матаролы».

Забайкальскія бураты распавялі, што Ваха быў дробным крымінальнікам, «бандзюнагам лакальнага маштабу», які выправіўся ваяваць на Данбас, злавіўшы адпаведны трэнд.

«Шмат хто едзе на ўсход Укріаны за грошы – самыя адмарожаныя, але шмат каго падманваюць, як і паўсюль», – дадалі хлопцы. Яны ж распавялі пра знаёмага супрацоўніка пракуратуры, у якога сын-жаўнер тэрміновай службы загінуў на Данбасе. На планёрцы перад працай ён папрасіў калегаў ніякім журналістам нічога пра гэта не казаць. Літаральна праз пару гадзінаў журналістаў Бі-Бі-Сі здалі ў ФСБ, калі тыя спрабавалі нешта даведацца ў школе, дзе вучыўся нябожчык.

У лютым 2015 года ў шпіталь у акупаваным Данбасе, дзе знаходзіўся паранены бурацкі баец з абгарэлым тварам і рукамі, завітаў Іосіф Кабзон. параненага спачатку прадставілі «шахцёрам», але пазней баец сказаў, што ён бурат.

«Бурат? Як я рад», – сказаў тады Іосіф Кабзон. Відэа з гэтага візіту было вельмі папулярным у інтэрнэце, цяпер жа гэтыя кадры недаступныя ў сеціве.

[vc_single_image image=”368389″ img_size=”large”]

Паводле звестак novayagazeta.ru, паранены бурат – гэта Доржы Батамункуеў з Забайкалля, якога забралі на тэрміновую службу 25 лістапада 2013 года. Потым жаўнера перакінулі ў Растоў, патлумачыўшы, што адпраўляюць на вучэнні. Баец прызнаўся, што падазраваў, куды яны едуць, бо ім загадалі замазаць апазнавальныя знакі на танках яшчэ ва Улан-Удэ.

У чэрвені 2014 жаўнер заключыў кантракт, паводле якога меў застацца ў войску яшчэ тры гады. На Данбас трапіў як кантрактнік.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў