«Здохлі нават п'яўкі»: рэжысёр спрабуе выратаваць раку Івязянку


Рэжысёр Андрэй Голубеў жыве ў вёсцы побач з якой працякае невялічкая рака – Івязянка (упадае ў раку Моўчадзь – левы прыток Нёмну).

Вёска Івязянка знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне на Гарадзеншчыне. Чатыры гады таму тут пасяліўся рэжысёр Андрэй Голубеў. Ён аднавіў мост і ўладкаваў возера, праз якое акурат і цячэ Івязянка. У возеры зʼявілася рыба і пасяліліся лебедзі.

Зрэшты, вясковая ідылія працягвалася нядоўга. З 2015 года, на думку суразмоўцы, вадаём пачаў забруджвацца сцёкавымі водам крухмальнага заводу, які знаходзіцца непадалёк.

«Тут мора дохлай рыбы. Падыйсці да вады немагчыма. Пах агідны», – абураецца Голубеў.

Паводле рэжысёра, ён звяртаўся ва ўсе магчымыя інстанцыі, але ў выніку кіраўніцтва крухмальнага заводу прапанавала «дамовіцца». Таму Голубеў пачаў збіраць подпісы мясцовых жыхароў.

«Многія не падпісаліся, бо ім патэлефанавала старшыня Мяляховіцкага сельсавету і прыгразіла, што калі яны падпішуць маю заяву, то яна дашле да іх санстанцыю і іхныя студні пазасыпаюць хлёркай. Людзі напалоханыя, а ў возеры здохлі нават пʼяўкі. Уся надзея на СМІ», – кажа Голубеў.

У сваю чаргу ў Дзятлаўскай райінспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя кажуць, што нічога страшнага не ўбачылі падчас візіту ў Івязянку.

«Чыста візуальна нічога звышнатуральнага не ўбачылі – ніякіх скідаў. Там гаворка ідзе пра тое, што ў іх [Баркоўскага крухмальнага заводу] сцёкі ідуць на палі фільтрацыі, якія не маюць ніякай сувязі з рэчкай. Ёсць такое паняцце – мыйка бульбы, г.зн. там умеркавана ачышчаная вада, скід якой вядзецца ў Івязянку пасля чатырох адстойнікаў», – распавёў greenbelarus.info начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі.

Для таго, каб зрабіць ацэнку вады, дзяржаўныя інспектары запрасілі адмыслоўцаў занальнай лабараторыі аналітычнага кантролю, якія ўзялі пробы вады.

Паводле дырэктара крухмальнага заводу Івана Рэгіневіча, праблема ў надворʼі.

«Сёння стаіць спякота, недастаткова прытоку вады. Адбываецца вылучэнне з зямлі ў вадаёмы вуглекіслаты. І падобная праблема паўсюль. У нас непадалёк адбыліся два падобных здарэнні. Рыба задыхаецца, хоць побач з вадаёмамі няма жывёлагадоўчых фермаў. Калі паблізу знаходзіцца завод, то на яго лёгка і проста спісаць усе праблемы», – кажа Рэгіневіч.

Нагадаем, што напачатку чэрвеня Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі паведаміла пра масавы моры рыбы ў рацэ Гальшанка. Акурат у гэтым выпадку прычынай таго, што адбылося апынуўся скід сцёкавых вод з Гальшанскага крухмальнага заводу.

ЮВ, belsat.eu, паводле greenbelarus.info

Стужка навінаў