Зброя беларускай вытворчасці будзе канкураваць на міжнародным рынку з расейскай?


Беларусь выставіла сваю зброю на вайсковай выставе IDEX-2015 ў Абу-Дабі. Аўтамабілі Volat, аптычныя прэцэлы для гранатамётаў, дальнамеры – агулам шэсць стэндаў прадукцыі.

Прадстаўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту па сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк заяўляе, што беларускія прадпрыемствы правялі шэраг паспяховых перамоваў.

Што выстаўлялі беларусы

Да нядаўняга часу айчынны вайскова-прамысловы комплекс (ВПК) не пастаўляў гатовых сістэмаў узбраення – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Алесін – і пералічвае яго традыцыйна моцныя бакі:

«Беларускі ВПК пастаўляў сістэмы навядзення кіравання зброяй, электронныя, лазерныя, сродкі радыёлакацыі, радыёэлектроннай барацьбы, сродкі рухомасці – калёсныя і гусенічныя шасі для ўсталёўвання на іх зброі і г.д. Усе гэтыя кампаненты з’яўляюцца жыццёва важнымі для многіх відаў узбраення. Напрыклад, расейскія танкі Т-90 абсталяваныя беларускімі прыцэламі і цеплавізарамі, без якіх магутнасць узбраення гэтых танкаў зусім не эфектыўная».

Эксперт называе і беларускія снайперскія прыцэлы і лазерныя дальнамеры. На выставе, быў прадстаўленая іярданскі стацыянарны супрацьтанкавы комплекс, які выкарыстоўвае беларускія цеплавізары. Пра развіццё супрацы з Іярданіяй сведчаць і паведамленні пра сумесную з Беларуссю распрацоўку робатызаванага гранатамёта.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Яшчэ адна навінка з нашай краіны – аўтамабілі Volat Менскага колавага завода цягачоў (МЗКТ) пакалення многамэтавых уніфікаваных шасі.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Тое, што МЗКТ вырабляе ўласныя каробкі перадачаў і шасі, могуць выкарыстоўваць любы рухавік па замове кліента, дазваляе заводу разлічваць на шырокае кола замоўцаў, кажа Аляксандр Алесін.

«Свая зброя»

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць стварэння сваёй зброі ў Беларусі. Некаторыя эксперты палічылі, што кіраўнік краіны меў на ўвазе выпуск аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (ОТРК), якія з’яўляюцца зброяй стрымлівання ў лакальных канфліктах. Аляксандр Алесін мяркуе, што хутка беларскі ВПК пачне прапаноўваць і зенітна-ракетныя комплексы (ЗРК).

Патэнцыйнымі памочнікамі ў стварэнні сваёй зброі могуць стаць багатыя краіны Персідскага заліву, якія зацікаўленыя ва ўзбраенні, лічыць Алесін.

Расейскі вайсковы эксперт Аляксандр Гольц, гаворачы пра беларускую зброю, узгадвае шасі ракетных комплексаў. А таксама беларускую электроніку, якая з’яўляецца прынцыпова значнай для Расеі ва ўмовах заходніх санкцый. А вось з вырабам зенітна-ракетных комплексаў могуць з’явіцца праблемы, кажа Аляксандр Гольц:

«Тэарэтычна можам дапусціць, што Беларусь таемна стварыла сістэму вытворчасці ракетнага ўзбраення. Але зноў жа: гэта ж не проста адзін завод, гэта асобная сістэмы стварэння спецматэрыялаў для гэтых ракетаў, асобная сістэма стварэння выбуховых рэчываў і г.д. У такой сітуацыі абсалютна адкрытае пытанне: як Расеі спадабаецца тое, што Беларусь на міжнародным рынку раптам пачынае выступаць яе канкурэнтам?»

Невядома, як Расея адрэагуе на з’яўленне беларускіх ракетаў: будзе спрыяць такой вытворчасці альбо неяк спыніць зусім непатрэбнае для сябе спаборніцтва з суседам, падсумлўвае эксперт.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў