Зборная Харватыі ахвяруе ўсе заробленыя на чэмпіянаце свету па футболе грошы дзецям


Фота – facebook.com/Hrvatskareprezentacijaofficial

Пра гэта паведамляе афіцыйны фанпэйдж харвацкай зборнай у «Facebook’у». На ім галоўны трэнер зборнай Златка Даліч апублікаваў адкрыты ліст.

«Усе грошы, якія нацыянальная каманда атрымае за выступ на чэмпіянаце свету, будуць ахвяраваныя фонду, які дапамагае дзецям. Гэты фонд будзе фінансаваць адпачынак дзяцей, якія ніколі не бачылі Адрыятычнае мора. Футбалісты зборнай разам з харвацкім народам. Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы людзям у пытаннях, якія не тычацца перамогаў каманды. У харвацкіх дзяцей будзе магчымасць правесці мінімум сем дзён на харвацкім ўзбярэжжы. Прынамсі, мы зможам забяспечыць гэта тым, каму дапамога патрэбна больш за ўсё», – паведаміў галоўны трэнер зборнай Златка Даліч.

«Харватыя – самая бедная краіна ў Еўразвязе, якой кіруюць людзі, якія маюць дачыненне да арганізаванай злачыннасці. Мільёны людзей з’ехалі з Харватыі цягам апошніх 20 гадоў [насельніцтва Харватыі 4,154,200 чалавек. – Заўв. Belsat.eu]. Нашыя пенсіянеры не могуць забяспечыць свае базавыя патрэбы, а моладзь не можа дазволіць сабе адукацыю, медыцына руйнуецца, а карумпаваная юрыдычная сістэма абараняе вялікія капіталы.

Я прашу палітыкаў і прадстаўнікоў улады, якія давялі людзей да роспачы і галечы, трымацца далей ад зборнай Харватыі. Мы не хочам з вамі фатаграфавацца і весці справы. Гэта вы зрабілі харватаў бедным народам Еўропы. У нас ёсць дзеці, якія ніколі не бачылі мора, а ў Харватыі больш за тысячу кіламетраў марскога ўзбярэжжа.

Ёсць дзеці, якія кладуцца спаць галоднымі, таму што іхныя бацькі беспрацоўныя. Мы не радыя людзям, якія зрабілі гэта з нашай краінай. Паважайце наша рашэнне, не апранайце нашыя футболкі і не выкарыстоўвайце наш поспех для самарэкламы», – гаворыцца ў адкрытым лісце.

ВУП на душу насельніцтва ў Харватыі $ 13 624. Для параўнання ў Беларусі – $ 5143.

Нагадаем, што ў фінале ЧС-2018 Харватыя прайграла зборнай Францыі, якая другі раз у сваёй гісторыі ўзняла галоўны трафей Мундыялю. За другое месца харвацкая зборная атрымае $ 28 млн. Французы атрымаюць на 10 млн больш.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў