Збор подпісаў за Лябедзьку ў Магілёве. Трыццаць подпісаў за тры гадзіны


У Магілёве адбыўся першы перадвыбарчы пікет. Сябры ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Анатоля Лябедзькі збіралі подпісы ў яго падтрыманне на пешаходнай вуліцы Ленінскай. За тры з паловай гадзіны сабралі больш за трыццаць подпісаў.

Першыя гадзіны пікету засведчылі выбарчую пасіўнасць магілёўцаў. Шмат хто стараўся не заўважаць пікету са сцягам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і стэндам з фотаздымкамі прэтэндэнта. Адважыліся паставіць свой подпіс за апазіцыйнага вылучэнца адзінкі, падаюць naviny.by.

«Надакучыла сітуацыя ў краіне. Надакучыла і тое, што ў горадзе вельмі цяжка з працай, таму што амаль усе заводы сталі, – тлумачыць сваё рашэнне адзін з тых, хто распісаўся ў падтрыманне Лябедзькі. – Шмат хто, аднак, упэўненыя, што пытанне на гэтых выбарах будзе толькі адно: не хто стане прэзідэнтам, а які адсотак набярэ Лукашэнка. Хацелася б нейкіх пераменаў, а інакш мы не выздаравеем».

Яшчэ адна падпісантка, немаладая жанчына, таксама не верыць у перамогу Анатоля Лябедзькі на выбарах, тым не менш заяўляе, што не можа заставацца абыякавай. «Спадзяюся на лепшае, таму і падпісалася за Лябедзьку. Можа, пенсія стане больш, калі ён стане раптам прэзідэнтам. Лекі крыху патаннеюць. Вось іду з паліклінікі і ведаю, што гэта такое», – кажа аб сваіх чаканнях жанчына.

Яшчэ адна жанчына, пакінуўшы свой подпіс, на развітанне падзякавала апазіцыянерам, якія не баяцца і маюць адвагу.

«Ужо даўно ўсё баяцца праўду сказаць. Уладаў баяцца. Яны ў нас кіруюць, караюць, калі захочуць, то мілуюць. А чаго мне баяцца? Толькі за дзяцей страшна, што на іх можа ўсё перавярнуцца. Павінна быць альтэрнатыва ўладам, і каб яны змяняліся. Увесь свет да гэтага прыйшоў, а мы ніяк не можам».

Суразмоўніца не верыць, што цяперашнія прэзідэнцкія выбары зменяць сітуацыю. Кажа, што надзеі няма на гэта: «У 90-ыя гады надзея нейкая была, а потым яна абрынулася».

Шмат хто з мінакоў падыходзіў да пікету апазіцыйнага вылучэнца на пасаду прэзідэнта, разглядаў фота, браў буклеты, але сыходзіў, не пакінуўшы свайго подпісу. Чаму?

«У мяне ёсць сваё бачанне і меркаванне ў дачыненні да прэтэндэнтаў, але яно яшчэ не сфармавалася да канца. Буду думаць», – адказвае мужчына сярэдніх гадоў. У выбарчыя цуды ён не верыць. «Моцнай фігуры, як Лукашэнка, вядома ж, цяпер няма. Усё будзе, як павінна быць», – мяркуе ён.

«У гэтых выбарах настолькі прадказальны вынік, што сэнсу ў іх удзельнічаць ніякага няма», – кажа пра інтрыгу выбарчай кампаніі яшчэ адзін мінак, які не пажадаў падпісвацца за Лябедзьку. Як жа тады змяняць сітуацыю ў краіне? Мінак адказвае: «На гэтае пытанне ў мяне адказу няма, але ўдзел у гэтых выбарах краіну не зменіць».

«Пакуль людзі саромеюцца падыходзіць, таму што першы дзень збору подпісаў. Яны яшчэ ў выбарчую кампанію не ўцягнуліся», – выказаў сваё меркаванне аб актыўнасці мінакоў у Магілёве актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксей Кірыенка.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары