Збіты журналіст «TUT.by»: Пра вайну на Данбасе шмат хлусні з усіх бакоў – цяжка прыйсці да праўды, нават у размовах з мясцовымі ды відавочцамі


Журналіст найбуйнейшага беларускага парталу стаў вядомы шырокай публіцы пасля інцыдэнту ў зале суда Фрунзенскага раёну Менску. Па словах Паўла Дабравольскага, яго ўпіхнулі ў пакой службовага памяшкання ды збілі супрацоўнікі АМАПу.

Belsat.eu пагутарыў з журналістам і даведаўся, што ён думае пра сітуацыю са збіццём, як ставіцца да сепаратыстаў на Данбасе, і ці верыць у існаванне незалежнай беларускай журналістыкі.

«Кіраўніца практыкі парвала маё накіраванне і абазвала фашыстам»

– Як Вашае самапачуццё? Які можа быць вынік разбіральніцтва?

– Я пачуваюся здавальняюча. Мэты нанесці мне нейкія калецтва ў АМАПу не было. Яны хацелі аказаць псіхалагічны ціск: напалохаць ды зняважыць. Цягам хвіліны мяне інтэнсіўна збівалі нагамі, потым, цягам прыкладна дваццаці хвілінаў я працягваў атрымліваць рэгулярныя ўдары. Вядома, не напоўніцу. І зімовая куртка ратавала. «Версія ГУУС хлуслівая. У пакой, дзе мяне збівалі, я зайшоў не сам – мяне туды сілаю запіхалі з калідора, не звяртаючы ўвагі на маё журналісцкае пасведчанне. Мы ўпэўненыя, што яны гэта выдатна ведаюць, але пакуль спрабуюць выйсці сухімі. Гэта тым больш складана, чым большы грамадскі рэзананс. Гэты выпадак – не адзіны, рана ці позна такая шуміха павінна была падняцца».
– Чаму Вы вырашылі стаць журналістам?

– Рамантычная версія – пасля таго, як прачытаў кнігу «Журналіст для Брэжнева» Эдуарда Топаля. Там апісаная неверагодная гісторыя. Яна натхняе ісці на рызыку і паказвае, што журналістыка можа змяняць свет да лепшага. У 11 класе я хадзіў на падрыхтоўчыя курсы журфаку БДУ і ў гурток журналістыкі ў Палацы дзяцей і моладзі. Тады і пачаў упершыню друкавацца. На той момант гэты былі падлеткавыя газеты. Першы працоўны досвед у «дарослай» журналістыцы я атрымаў у газеце «Турызм і адпачынак», куды першапачаткова трапіў на практыку з універсітэту. Першы матэрыял быў пра беларускія рыцарскія клубы. Ён вельмі не спадабаўся на кафедры. Кіраўнік практыкі Людміла Белякова парвала кірунак з дэканату, абазвала мяне фашыстам. Ёй было не даспадобы, што я пісаў пра ВКЛ і войнах з Маскоўскім княствам. Яна настальгуе па СССР і лічыць незалежнасць Беларусі гістарычным непаразуменнем.

На чацвёртым курсе я пачаў пісаць у газету рэгулярна. Пасля чарговай публікацыі галоўны рэдактар газеты Лілія Кобзік прапанавала мне ўліцца ў каманду і працаваць у штаце. Я быў шчаслівы, бо нават наяўнасць дыплома не гарантуе працу па спецыяльнасці, а ў мяне атрымалася стаць паўнапраўным журналістам яшчэ калі я быў студэнтам.

«Уначы, у бязлюдным Луганску да мяне падышла група пʼяных сепаратыстаў са зброяй…»

– Вашая цытата: «На Данбас я ехаў як у Турцыю: адпачыць і развеяцца», – як гэта разумець, улічваючы, што Вы ездзілі туды падчас вайны, і навошта Вам патрэбныя былі гэтыя паездкі?

– Я быў на Данбасе з рабочымі паездкамі тройчы. Першыя два разы я пісаў для «Ej.by», апошні – для ўкраінскага часопіса «НВ». Першы візіт адбыўся вясною 2014 года ў дзень абвяшчэння Наваросіі. Я зʼездзіў у Луганск і Данецк, якія тады ўжо знаходзіліся пад кантролем прарасейскіх сілаў. Антытэрарыстычная аперацыя тады яшчэ не была абвешчаная, і я паспеў заспець гэтыя гарады цэлымі.

Ехаў адзін, было не страшна, а цікава. Непрыемны момант быў. Ноччу ў абсалютна бязлюдным Луганску да мяне падышла група пʼяных сепаратыстаў са зброяй. Яны паводзілі сябе агрэсіўна і адзін раз прыставілі аўтамат да майго цела. У выніку мы знайшлі агульную мову: я шчыра сказаў, што ў мяне няма мэты ні ачарніць іх, ні хваліць. Другая паездка (верасень 2014) была вельмі небяспечнаю. Мы ўжо былі ўдваіх з сябрам. Ехалі з бронекамізэлькамі ды каскамі. Былі ў Марыупалі, Мар’інке і Данецку. У трэці раз (сакавік 2015) я зноўку быў адзін. Я ўжо старанна аб’ездзіў рэгіён, быў у данецкім аэрапорце, Горлаўцы, Дэбальцава, Углегорску і Луганску. Агулам я правёў там месяц.

– Вы кажаце: «Гэта настолькі не даказальная справа – хто адкуль страляе. Зараз фронт крыху выраўняўся, а раней пазіцыі так хаатычна размяшчаліся, што праверыць, адкуль і хто страляе было немагчыма ». Як тады называецца тое, што нашыя незалежныя СМІ ўвесь час сцвярджалі, што «сепаратысты зноў абстралялі мірных жыхароў», і ніколі – украінскія войскі?

– Вайна на Данбасе моцна адрозніваецца шмат ад якіх іншых, пра якія мы ведаем з падручнікаў па гісторыі. Разам з рэальнай – ішла і інфармацыйная. Хлусні шмат. З усіх бакоў. І не заўсёды яна наўмысная. Цяжка прыйсці да праўды нават размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, сведкамі той ці іншай падзеі. На іхны адказ уплывае ўжо сфармаванае перакананне. Хтосьці паказвае пагарэлы дом, вінаваціць украінскія ўлады. Пытаюся, з якога боку прыляцеў снарад – паказваюць. Але вельмі складана разабрацца ці стралялі ўкраінцы – і тыя, і тыя маглі. Што запомнілася з гэтых паездак – высокі градус нянавісці. Гэтыя людзі цягам дзесяцігоддзяў жылі ў адной краіне без усялякіх канфліктаў, а цяпер расказваюць адзін пра аднаго ўсякія небыліцы. І яшчэ шчыра здзіўляюцца, калі спрабуеш прывесці іх да больш канструктыўнага дыялогу.

Шмат для каго там усё адназначна – яны не дапускаюць ніякага сумневу. Мая пазіцыя – мірным жыхарам дастаецца і ад сілаў АТА, і ад сепаратыстаў. Але тут важна паглядзець у корань канфлікту. Яго штучна падагрэла Расея, і без яе падтрымання з мясцовымі незадаволенымі ўкраінцы хутка разабраліся б, і не было б ні разбурэнняў, ні дзесяці тысячаў забітых.

– У тым жа інтэрвʼю Вы досыць цёпла адгукаецеся пра тэрарыстаў, кажаце, што ў іх «светлыя» прычыны ваяваць, што там нармальныя людзі, якія частавалі Вас гарбатаю. Гэта слаба суадносіцца з вобразам хрэстаматыйнага прарасейскага вылюдка, што ўвесь час малююць СМІ.

– У любой сітуацыі, нават у нейкім бытавым канфлікце, напрыклад, з дзяўчынаю, важна ўмець ставіць сябе на месца іншага. У тым ліку і на месца тых, каго называюць тэрарыстамі. Ёсць людзі, якія апантаныя сляпой нянавісцю, з садысцкай жорсткасцю яны гатовыя забіваць. На Данбасе я такіх не бачыў. Мяне б ўзялі ў палон, катавалі б, і патрабавалі б хабар за маё вызваленне. Яны ваююць за праваслаўную веру, расейскую мову, магчыма, расейскія пашпарты. Але яны дакладна не адчуваюць задавальненне ад самога факту забойства.

Я не адклікаюся пра гэтых людзей цёпла, я спрабую данесці тое, што з шэрагу прычынаў частка жыхароў Данбасу вырашыла жыць з Расеяй. Фактам зʼяўляецца тое, што іх там шмат. Гэта адбылося не толькі з прычыны магутнай крамлёўскай прапаганды, але праз памылкі ўкраінскіх уладаў. У мяне склалася адчуванне, што Кіеў паглядзеў у гэты бок толькі, калі былі абвешчаныя ДНР і ЛНР.

«Я стаў думаць, што беларуская журналістыка мацнейшая за брытанскую»

– На Вашую думку, ці існуе незалежная аб’ектыўная журналістыка ў Беларусі?

– Абʼектыўнай журналістыкі не існуе ў прыродзе. Калі журналіст выязджае на месца падзеі, ён не набліжаецца да праўды. Я магу бачыць, напрыклад, нейкія наступствы бамбаванняў – і толькі здагадвацца, хто ў гэтым вінаваты, як і мясцовыя жыхары. На самой справе, седзячы за кампʼютарам у сотнях і тысячах кіламетрах ад эпіцэнтру, можна мець больш дакладную карціну падзеі: перад вачыма каментары бакоў канфлікту, відэа, фота. Я не лічу, што беларуская журналістыка слабейшая за літоўскую, польскую ці ўкраінскую.

Нехта хваліць Пуціна, не заўважаючы ягоных памылак, нехта крытыкуе Лукашэнку, не заўважаючы ягоных станоўчых дзеянняў. Але калі мы адназначна прымаем нейкі бок – перастаем быць журналістамі. І так ува ўсіх краінах. Студэнты журфаку могуць марыць працаваць у якім-небудзь брытанскім СМІ, але калі яны прачытаюць «Навіны плоскай Зямлі» Ніка Дэйвіса, зразумеюць, што праблемаў у журналістыцы хапае паўсюль. Калі я прачытаў гэтую кнігу, я нават пачаў думаць, што беларуская журналістыка мацнейшая за брытанскую.

– Дзе было страшней: на Данбасе падчас вайны, альбо пад нагамі АМАПу ў Менску? Ці былі ў вас думкі сысьці з прафэсіі?

– Ні на Данбасе, ні пад нагамі АМАПу страшна не было. Я ведаю, што мая біяграфія чыстая, і ў ёй няма ніякіх падставаў мяне забіваць. Вытрымаць порцыю ўдараў не цяжка, ведаючы, што гэта хутка скончыцца. Я ведаю, дзе мне было б страшна. У палоне Ісламскай дзяржавы. Па-першае, я не быў бы ў стане ім нічога патлумачыць, бо не валодаю арабскаю, па-другое, яны не захочуць слухаць мае тлумачэнні. Самога факту, што я еўрапеец і хрысціянін, для іх дастаткова, каб паставіць мяне ў адзін узровень з сабакам, чыё жыццё не вартае і гроша.

Ні водзін непрыемны момант, які здарыўся са мною (арышт у Данецкам аэрапорце, выдварэнне з Малдовы ў разгар мітынгаў, збіццё ў менскім судзе), вядома, не прыводзіў да думкі сысці з прафесіі. Наадварот, гэта крыху натхняе.

– Калісьці Даўлатаў пісаў: «Грош цана рускаму інтэлігенту, які ня пабыў у турме». Магчыма, для Беларусі цяпер гэта таксама актуальна. Вы адчулі нейкі «прафесійны кайф» як журналіст, што Вас збілі сілавікі?

– Калі ў Малдове пачаліся масавыя мітынгі, мяне не пусцілі ў гэтую краіну. Там паўсюль сцягі Еўразвязу, іхны прэзідэнт падтрымлівае еўраінтэграцыю. Але ўлада баіцца гэтых мітынгаў, і не зацікаўленая, каб пра іх пісалі журналісты. Калі журналістаў бʼюць, садзяць у турму, высылаюць, забіваюць – гэта паказальнік таго, што іх баяцца. Хто і чаму можа баяцца журналістаў? Толькі той, хто робіць нешта па-за законам.

Напрыклад, улада ў аўтарытарных краінах, па зразумелых прычынах. Слабыя журналісты, якія не асвятляюць праблемы, не з’яўляюцца небяспечнымі і спакойна жывуць. Яны не будуць усім распавядаць пра нейкі факт злачынства, нават калі будуць мець у руках усе доказы.

Гутарыў Яўген Балінскі для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары