Збіраць подпісы будуць восем ініцыятыўных групаў


Ініцыятыўныя групы беспрацоўнай Раманоўскай і казака Улаховіча зарэгістравалі, а групе палітвязня Статкевіча адмовілі ў рэгістрацыі.

Сёння права збіраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты атрымалі 5 прэтэндэнтаў, першыя 3 прэтэндэнты былі зарэгістраваныя яшчэ 17 ліпеня. Такім чынам зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы:

1. Сяргей Гайдукевіч

2. Сяргей Калякін

3. Таццяна Караткевіч

4. Аляксандр Лукашэнка

5. Анатоль Лябедзька

6. Жанна Раманоўская

7. Віктар Цярэшчанка

8. Мікалай Улаховіч

Цікава, што Жанна Раманоўская на дадзены момант беспрацоўная, і ў яе самая малая ініцыятыўная група – 93 чалавекі і 17 каардынатараў. Яшчэ адзін прэтэндэнт, Мікалай Улаховіч, з’яўляецца вярхоўным атаманам беларускіх казакоў.

А вось ініцыятыўную групу палітвязня Мікалая Статкевіча ЦВК не зарэгістраваў. Бо, як лічыць Цэнтрвыбаркам, у яго няма выбарчага права, таму што ён «знаходзіцца ў стане судзімасці».

Групу бізнесоўца Андрэя Канаўца не зарэгістравалі, таму што ён не жыў у Беларусі на працягу апошніх дзесяці гадоў. Да таго ж, сярод ягоных сяброў ініцыятыўнай групы 15 % былі запісаныя з памылкамі.

У групу Тамары Біруковай запісаліся толькі 55 чалавек, у той час як згодна з заканадаўствам, ініцыятыўная група павінна ўключаць як мінімум 100 чалавек.

У групе Ірыны Першыной са 101 сябра аказаліся 3 замежнікі, і толькі ў 39 чалавек звесткі адпавядалі рэчаіснасці.

Сяргей Заблоцкі заяву на ўдзел у выбарах даслаў па пошце, што парушае заканадаўства.

А ў групе Аляксандра Юдаева са 107 сябраў засталося толькі 94 – іншыя былі аформленыя з памылкамі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў