Завод у Расеі спыніў вытворчасць праз недахоп дэталяў з Турцыі


Завод «Bosch-Siemens» пад Пецярбургам спыніў вытворчасць пральных машын, бо закончыліся дэталі з Турцыі. Часткі бытавой тэхнікі затрымалі на мяжы. Па той жа прычыне ў найбліжэйшы час на заводзе будзе спынена вытворчасць халадзільнікаў.

«9-га чысла спыніўся завод па вытворчасці пральных машын «Bosch-Siemens», сёння дапрацоўвае апошнюю змену завод па вытворчасці халадзільнікаў», – паведаміў старшыня камітэту па прамысловай палітыцы ды інавацыях Санкт-Пецярбургу Максім Мейксін.

Аб спыненні вытворчасці агенцтву РБК таксама паведамілі дзве незалежныя крыніцы. Афіцыйны прадстаўнік заводу адмовіўся ад каментароў.

Дэталі для бытавой тэхнікі аднак не ўваходзяць у пералік санкцыйных прадукцыі з Турцыі, зацверджанай пастановай ураду.

Крыніца агенцтва «Інтэрфакс» 11 снежня паведаміла, што віцэ-губернатар Санкт-Пецярбургу Сяргей Моўчан папрасіў мытную службу разблакаваць увоз з Турцыі дэталяў для аўтамабільных заводаў. Моўчан папярэдзіў, што зборачныя вытворчасці неўзабаве будуць спыненыя, калі мытня не пачне прапускаць грузы.

Федэральная мытная служба (ФМС) паведаміла «Інтэрфаксу», што прымае «дадатковыя захады дзеля забеспячэння ўвозу тавараў і дэталяў для прадпрыемстваў айчыннай прамысловасці».

Федэральная мытная служба пачала затрымліваць на мяжы грузы з Турцыі адразу пасля таго, як 24 лістапада турэцкія знішчальнікі збілі расейскі бамбавальнік Су-24. Паведамленні аб затрымках і ўзмоцненых праверках грузаў зʼявіліся задоўга да афіцыйнага ўвядзення санкцый супраць Турцыі.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў