Завод перадае інтэрнат гораду. Як рассяляюць людзей

video

Вольга Васілеўская адпрацавала на віцебскім прадпрыемстве «Вістан» трыццаць тры гады. Нядаўна жанчыне з сынам, якому прызналі інваліднасць, удалося палепшыць жыллёвыя ўмовы ў інтэрнаце ды перасяліцца ў двухпакаёвы блок. Цяпер сямʼі пагражае страта жылплошчы.

«Жывем мы тут з сынам лютага мінулага году. Спачатку жылі ў маленькім пакойчыку. Праз паўгода нам далі блок. Пра тое, што завод перадае інтэрнат гораду мы даведаліся ў лістападзе», – кажа Вольга.

І гэта сталася прычынаю бедаў некалькіх дзясяткаў жыхароў інтэрнату на вуліцы Ганчарнай, 13 у Віцебску. Будынак перайшоў на баланс гораду ды цяпер замацаваны за дзяржаўным прадпрыемствам «ЖРЭТ Першамайскага раёну». Новы ўладальнік адмовіўся працягнуць дамовы найму на старых умовах ды высунуў свае патрабаванні. Людзі мусяць вызваліць жыллёвыя памяшканні або падпісаць новыя дамовы на арэнду непараўнальна меншай жылплошчы ў тым жа інтэрнаце.

«Яны адмаўляюць нам смешным чынам. На дакументах няма нават пячатак», – кажуць жыхары інтэрнату ў размове з «Белсатам». – «Я з сынам жыву, яму 18 гадоў. Яго ў пакой разам са мной. У выканкаме мне сказалі, што мне пакой, а яму месца-ложак – не выключана, што ў іншым месцы».

У выпадку непадпарадкавання жыхарам пагражаюць высяленнем праз суд. Віцебскі аблвыканкам патлумачыў сваю пазіцыю, спаслаўшыся на артыкул 62 жыллёвага кодэксу. Паводле яго, пры пераходзе правоў уласнасці жыллёвага памяшкання да новага ўласніка, менавіта ён прымае рашэнне аб скасаванні або змене дамовы найму. Аднак тлумачэнні чыноўнікаў выклікаюць сумневы юрыстаў. Тым больш, што папярэднія дамовы былі падпісаныя на неабмежаваны тэрмін.

«Раней уласнікам было дзяржаўнае прадпрыемства «Вістан» цяпер уласнікам стаў горад Віцебск. Інтэрнат належаў дзяржаве, у дзяржаўнай уласнасці яно і засталося. Усе гэтыя хітрыкі мясцовых уладаў незразумелыя. Яны разлічваюць на неадукаванасць людзей, або на тое, што іх падтрымае суд, які залежыць ад улады», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

«Магчыма таму, што наш інтэрнат знаходзіцца ў цэнтры гораду. Можа яго трэба для некага вызваліць. Можа патрэбна засяліць, як кажуць, сваіх людзей – мяркуе Вольга Васілеўская.

А такія магчымасці ва ўсёй краіне, паводле экспертаў, стварае чыноўнікам новы Жыллёвы кодэкс, якія пачаў дзеіць у 2013 годзе. Уведзеныя ў заканадаўства змены значна пашырылі падставы высялення людзей з інтэрнатаў без вылучэння іншага жылля. Ані стаж, ані сямейнае становішча не улічваюцца.

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары