Заўзятар БАТЭ падае ў суд на міліцыю

video

У жніўні 2014 года падчас сустрэчы БАТЭ – Слован заўзятара ў шаліку з «Пагоняй» амаль увесь матч пратрымалі ў пакоі міліцыі без аніякіх юрыдычных падставаў. Праз паўтары гады заўзятар вырашыў падаць на міліцыянтаў у суд за сарваны прагляд матчу.

Сяргей Бахун: Я паспеў паглядзець 20 хвілін матчу, як падбеглі міліцыянты і загадалі прайсці з імі. На пытанне чаму, яны адказалі, што «вам усё патлумачаць». Я зразумеў, што яны будуць дзейнічаць жорстка, таму вырашыў іх не правакаваць. Я выйшаў з імі, бо меркаваў, што пасля размовы мяне адпусцяць. Мяне зачынілі ў пакоі амаль на гадзіну – такім чынам, яны сарвалі прагляд матчу. Пасля прыйшоў маёр Паўлавец і сказаў, што я не затрыманы, а запрошаны на размову.

Дзіўная размова: я ехаў у Барысаў з Берасця не з імі размаўляць, а футбол глядзець.

Паводле рэакцыі маёра я зразумеў, што прычынай затрымання стала тое, што на мне знаходзіцца герб «Пагоня»: калі да канца матчу заставалася 10 хвілін, ён прапанаваў даглядзець яго, але сказаў зняць гэты шалік. Я адмовіўся, але адказаў, што магу схаваць яго пад вопратку. Ён пагадзіўся, але заявіў, што калі пабачыць мяне тут з шалікам, то футбол я больш глядзець не буду.

На жаль, гэта тэндэнцыя, і невядома каму і якой дзяржаве служаць нашыя міліцыянты.

Мы заўзеем за беларускія дружыны, а «Пагоня» – наш нацыянальны сімвал.

Поўную версію размову з Сяргеем Бахуном, якога беспадстаўна затрымалі барысаўскія міліцыянты – глядзіце ў відэа.

Глядзі таксама
Каментары