Заўтра ў Кобрыне будуць судзіць незалежнага журналіста Алеся Ляўчука


Журналісты «Белсату» Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава былі жорстка затрыманыя невядомымі людзьмі ў цывільным 18 сакавіка ў Кобрыне. Акрамя грубага затрымання ў журналістаў была канфіскавана прафесійная тэхніка.

На Ляўчука і Харытонаву былі складзены адміністратыўныя пратаколы па артыкуле 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

Журналісты патрабуюць распачаць супраць міліцыянтаў, якія іх затрымалі, крымінальную справу. Цяпер праверку па гэтым факце праводзіць чацвёртае ўпраўленне ГУУБ МУС.

Але вечарам у чацвер Алесь Ляўчук у сваёй паштовай скрыні знайшоў ліст, з якога журналіст даведаўся, што яго будуць судзіць 7 красавіка ў судзе Кобрынскага раёну.

«З самага пачатку гэтай справы я бачу поўнае беззаконне. На нас напалі невядомыя нам людзі, іменны якіх мы да сённяшняга моманту не ведаем, нас фактычна выкралі. Нам нанеслі цялесныя пашкоджанні. Нам пагражалі ў Кобрынскім РАУС, не тлумачылі нашы правы. Калі мы падпісвалі пратаколы, у іх не было сведак, цяпер калі копіі пратаколаў міліцыя даслала поштай, у іх з’явіліся прозвішчы трох супрацоўнікаў міліцыі. Да таго ж у нас скралі тэхніку, дзе яна знаходзіцца нам не вядома», – кажа Алесь Ляўчук.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары