Сёння пачнуць судзіць Аляксандра Кныровіча. Усё пра гучную справу менскага бізнесоўца


Суд над сузаснавальнікам групы кампаній «Сармат», менскім бізнесоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, пачнецца 18 красавіка, у 10:15. Паседжанне будзе праходзіць у судзе Фрунзенскага раёну. Кныровіча вінавацяць у хабарніцтве і нявыплаце падаткаў. Ён правёў у СІЗА КДБ больш за год.

Чым займаўся Кныровіч да арышту?

44-гадовы Кныровіч з’яўляецца сузаснавальнікам групы кампаніяў «Сармат-СТІ». Гэта будаўнічы холдынг, у структуру якога ўваходзіць і ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг». Акрамя таго, Кныровічу належыў бар Bristle у Менску. Таксама ён актыўна ўдзельнічаў у працы супольнасці бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў «БАВІН», курыраваў праект «Мой бізнес» на канале АНТ, падтрымліваў стартапы.

Бізнесовец публічна не пагаджаўся з пазіцыяй беларускіх уладаў па цэлым шэрагу пунктаў. Гэтак, восенню 2016 года ён скардзіўся, што дзяржава пакінула малы і сярэдні бізнес сам-насам са сваймі праблемамі. У якасці прыкладу ён прыводзіў сітуацыю ў будаўнічай сферы: дзяржаўныя трэсты не вярталі грошы прадпрымальнікам.

Аляксандр Кныровіч, фота bel.biz

«На сённяшні дзень у мяне асабіста і ў многіх удзельнікаў гэтага рынку завіслі вялізарныя грошы ў дзяржтрэстах. Калі яны вернуцца, я не ведаю. Як я буду іх забіраць, я сабе не ўяўляю. А дзяржава, як уласнік гэтых абʼектаў, ніякай адказнасці за іх не нясе. Па адным з прадпрыемстваў агульная запазычанасць за пастаўленую прадукцыю яшчэ ў 2015 годзе – 1,5 млн долараў. Па адной Менскай вобласці. Гэта сістэма ЖКГ», – выказваўся тады Кныровіч.

«Я бачу разгубленасць і адсутнасць разумення, што з гэтым усім рабіць. Увогуле, жывіце як хочаце. Гэта значыць сацыялістычная Беларусь раптам стала краінай самага дзікага капіталізму», – заяўляў ён на VI Міжнародным форуме прадпрымальніцтва.

Кныровіч вёў свой блог і перыядычна публікаваў калонкі на партале kyky.org. У 2015 годзе Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да рэсурсу пасля публікацыі, у якой бізнесовец раскрытыкаваў улады за стаўленне да афіцыйнага адзначэння 70-годдзя Перамогі. Чыноўнікі палічылі, што падобная крытыка «здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

КДБ супраць «Сармата»

24 студзеня 2017 года Аляксандр Кныровіч знаходзіўся ў Жэневе, а ўжо 25-га, па вяртанні ў Менск быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ. 27 студзеня спецслужба пацвердзіла затрыманне. Паводле версіі следства ўсё было наступным чынам:

З 2014 года прадстаўнікі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацыяў энергетыкі забяспечвалі правядзенне «заказных» біржавых таргоў для рэалізацыі тэрмаізаляваных трубаў.

Першапачаткова бакі ў прыватным парадку дамаўляліся па ўмовах будучай здзелкі, а затым пакупнікі з ліку службовых асобаў ЖКГ паведамлялі прадстаўнікам кампаніі звесткі са спецыфікацый па ПІ-трубах, што дазваляла фірме сфармаваць прапанову ў поўнай адпаведнасці з заяўкай на закупку, размешчанай на ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа».

ТАА “СарматТэрма-Інжынірынг”, фота з афіцыйнага сайта кампаніі

Паводле КДБ, людзі Кныровіча таксама падкупалі брокераў, якія праводзілі гэтыя таргі. Пры гэтым сумы «адкатаў» закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой пасля ўлічвалася пры фармаванні камунальных тарыфаў.

Следства лічыць, што прыбытак «Сармату» і хабары службовых асоб аплачваліся за кошт насельніцтва. У 2014-2016 гадах «СарматТэрма-Інжынірынг» паставіла трубавай прадукцыі на суму звыш 90 мільёнаў рублёў. Задакументавана выкарыстанне камерцыйнай структурай цэнтралізаванага «фонду размеркавання хабараў» на аплату паслуг службовых асоб у Менску, Гомельскай, Берасцейскай і Менскай абласцях. Атрыманыя грошы кампанія Кныровіча выводзіла на рахункі зарэгістраваных за мяжой фірмаў, сцвярджала КДБ.

У лютым Кныровічу высунулі абвінавачванне ў «нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры» (арт. 243.2 Крымінальнага кодэксу). Гаворка вядзецца пра 2, 8 мільёнаў рублёў. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 7 гадоў турмы.

Усяго ў межах аперацыі КДБ затрымаў 11 чалавек па ўсёй Беларусі – як супрацоўнікаў «СарматТэрма-Інжынірынг», так і службовых асобаў ЖКГ.

Разам з Кныровічам 18 красавіка па абвінавачванні ў хабарніцтве будуць судзіць яшчэ чатырох адказных супрацоўнікаў кампаніі. Месяц таму дваіх былых інжынераў «Брэстжылбуду» асудзілі на 3 і 4 гады зняволення за атрыманне 10 500 рублёў хабару ад «СарматТэрма-Інжынірынгу».

«Не чапайце чужое, асабліва дзяржаўнае»

Адразу пасля арышту бізнесоўца сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, у прыватнасці, што Кныровіч «плачацца аб памілаванні, гатовы кампенсаваць шкоду, прызнаўшы сваю віну» і на ім «кляйма няма дзе ставіць».

«Злодзей павінен сядзець у турме – вось такую рэзалюцыю я наклаў на справаздачу старшыні Камітэту дзяржбяспекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець», – сказаў ён і дадаў, звяртаючыся да кіраўнікоў розных узроўняў:

«Я вас прашу: не чапайце чужое, асабліва дзяржаўнае. Гэта сурʼёзнае пытанне. Тут я ніколі не адступлю».

У ліпені бацька бізнесоўца, Станіслаў Кныровіч, паведаміў, што сын віну не прызнае. Знаёмыя Кныровіча запусцілі ў сетках кампанію #злодзей_не_кныровіч у падтрымку арыштаванага. На думку прадпрымальніка Ігара Ледніка, праверка па справе пачалася ўжо пасля затрымання Кныровіча, а карупцыйныя схемы ў Беларусі насамрэч кантралюе КДБ.

«Справа Кныровіча пачыналася падобна на «справу патрыётаў»: не паспелі чалавека затрымаць, як падключылася БТ, дзе ўжо ўклалі людзям у вушы, што гэта праз яго нібыта выраслі тарыфы на ЖКГ. Потым выказаўся Лукашэнка, што «злодзей мусіць сядзець у турме» – і пайшло. Але выглядае, што таксама абвешчанае не адпавядае рэчаіснасці. Увогуле эканоміка ў краіне – гэта адна вялікая карупцыйная схема, і тое, што бізнесоўцы трапляюць за краты, стала заканамернай з’явай», – выказаў тады меркаванне Ігар Леднік.

Што цяпер адбываецца з бізнесам Кныровіча?

У лютым стала вядома, што кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» пагражае банкруцтва. Разгляд адпаведнай справы распачаў эканамічны суд Менскай вобласці. Справа ўзбуджаная па заяве крэдытора ТАА «Кентавр-Энэрга».

Паводле словаў кіраўніка па справе аб банкруцтве Андрэя Дзегцярова, «прадпрыемству ёсць на чым выплываць» і «падставаў для сур’ёзных узрушэнняў» ён не ўбачыў.

Суд увёў абарончы тэрмін да 20 сакавіка, а 21-га адкрыў конкурсную вытворчасць. Гэта завяршальная стадыя працэсу банкруцтва, якая ўводзіцца на 6 месяцаў і дае апошнюю магчымасць задаволіць патрабаванні крэдытора.

***

Belsat.eu будзе сачыць за працэсам над Аляксандрам Кныровічам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў