Беларускія юрысты ладзяць акцыю з думкай пра маламаёмных.
Беларускія адвакаты 1 снежня правядуць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для маламаёмных. Прававая акцыя пройдзе ўва ўсіх адвакацкіх кабінетах, калегіях адвакатаў, юркансультацыях і адвакацкіх бюро.
Падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў Беларусі рэгулярна. Сёлета адвакаты давалі бясплатныя кансультацыі 15 сакавіка (з нагоды Дня Канстытуцыі Беларусі), 26 чэрвеня (з нагоды Дня ўтварэння адвакатуры рэспублікі) і 29 верасня (з нагоды Дня пажылых людзей).
Таксама адвакаты праводзяць тэматычныя кансультацыі. Напрыклад, 1 сакавіка 2017 года можна было бясплатна атрымаць адказы на пытанні пра Дэкрэт №3.
Прэс-сакратар Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэут паведаміла агенцтву «БЕЛТА», што акцыя ў пятніцу прымеркаваная да Дня юрыста.
Падчас такіх акцыяў людзей збольшага цікавяць пытанні, звязаныя з вылічэннем стажу пры выхадзе на пенсію, працаўладкаваннем, сацыяльным падтрыманнем і спадчынай.
ДД