Заўтра Лукашэнка сустрэнецца з Папам Рымскім


Першы пасля адмены санкцыяў візіт у Еўразвяз прэзідэнт Беларусі здзейсніць у Італію. Таксама ён наведае сталіцу Святога Прастола.

Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу наведае Італію і абмяркуе з італьянскім калегам Сэрджам Матарэлля двухбаковыя адносіны, гандлёва-эканамічнае ды інвестыцыйнае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі. Асобную ўвагу прэзідэнты нададуць стварэнню «паўнавартаснай нарматыўнай базы беларуска-італьянскага супрацоўніцтва». Падчас гэтага візіту запланаваныя неафіцыйныя сустрэчы з італьянскімі бізнесоўцамі.

Таксама Лукашэнка наведае Ватыкан і абмяркуе з Папам Францыскам далейшае развіццё супрацы Беларусі з Каталіцкаю Царквою.

БДГ звяртае ўвагу, што інфармацыя аб замежнай паездцы Лукашэнкі спачатку з’явілася ў «Расейскай газеце» і толькі праз дзень яе пацвердзіла прэс-службе кіраўніка Беларусі.

Прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант тады патлумачыла, што «гэтае пытанне прапрацоўвалася даўно».

Гэтак, паводле МЗС Беларусі, у Ватыкане ў студзені пабываў пасол Беларусі ў Вялікай Брытаніі, а таксама пры Святым Прастоле па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік. Ён правёў сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Ватыкана, з якімі абмеркаваў актуальныя пытанні супрацы паміж Беларуссю і Ватыканам, а таксама правядзенне двухбаковых пачынанняў у 2016 годзе.

Гэта ўжо другі візіт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан: папярэдні адбыўся ў 2009 годзе, падчас чарговага пацяплення адносінаў Еўразвязу і Беларусі. Тады Лукашэнка сустрэўся з італьянскім прэмʼер-міністрам Сільвіё Бэрлюсконі, а таксама Папам Бэнэдыктам.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў