Заўтра лета. Куды паехаць у адпачынак?


Фота Yoshitomo Oda / flickr

Паводле інфармацыі Белстату ў 2017 годзе беларусы часцей за ўсё ездзілі адпачываць не ў краіны СНД. А якімі будуць турыстычныя тэндэнцыі сёлета?

 

У топ-5 напрамкаў па-за СНД летась увайшлі Турцыя (140 159 асобаў), Егіпет (123 814 асобаў), Балгарыя (62 356 асобаў), Польшча (36 187 асобаў) і Іспанія (31 403 асобаў). І гэта толькі афіцыйная інфармацыя, часцяком беларусы або не карыстаюцца паслугамі турфірмаў, або выбіраюць тураператараў з-за мяжы. Да прыкладу, набыты ў польскай турфірмы тур абыдзецца на 20-40% танней за беларускі.

Але большасць беларусаў усё ж выбірае Украіну. Галоўная прычына – нізкія кошты.

«Самы бюджэтны адпачынак летась – гэта ва ўкраінскай Затоцы. Танней толькі ў бабулі на лецішчы. Многія фірмы ў гэтым сезоне арганізуюць туры ў Затоку. У выніку 10 дзён на моры будзе каштаваць каля 120 долараў, але зразумела, што за гэтыя грошы не варта разлічваць на нешта асаблівае. Калі грошай не вельмі шмат і няма шэнгенскай візы, можна выбраць суседні курорт Коблева – ён крыху лепей па інфраструктуры і ў цэлым па ўзроўні сэрвісу. І, вядома, Адэса, калі не бянтэжаць часам не вельмі чыстае мора», – кажа галоўны рэдактар сайта падарожжаў Traveling.by Таццяна Данілушкіна.

Але калі варыянты Украіны вас не задавальняюць, можна паспрабаваць і незвычайныя для беларусаў варыянты.

«Напрыклад, Албанія – бязвізавая для беларусаў краіна, размешчаная адразу на двух морах – Адрыятычным і Іанічным. Гэта навінка мінулага году, якая зайшла на ўра – летась першыя чартары былі прададзеныя за два тыдні. У гэтым сезоне сітуацыя падобная. Краіна толькі пачынае развіваць турызм, яшчэ ёсць аўтэнтыка і няма натоўпаў турыстаў, індустрыя не пастаўлена на паток, як у Турцыі. Навінка гэтага сезону – Туніс. Гэты накірунак ужо ў трэці раз пасля арабскай вясны спрабуюць »ажывіць«. Кошты не самыя малыя, аднак чартары да сярэдзіны ліпеня ўжо прададзеныя. Адбіваецца тое, што краіна бязвізавая, з выдатнымі пляжамі, не горш за турэцкія, прыемным сэрвісам і асаблівым каларытам – гэтакая французская Афрыка», – кажа Данілушкіна.

Наш эксперт рэкамендуе старую добрую Турцыю, бо пакупка туру «ўсё ўключана» у гатэль ад трох зорак гарантуе камфортны адпачынак па прымальных коштах. Цэны пачынаюць ад 300 еўра на асобу за тыдзень, трошку даражэй Балгарыя, Чарнагорыя і Харватыя.

На 30-40 % вышэй абыдзецца адпачынак у Грэцыі, Іспаніі, Італіі і на Кіпры. Ад 1200 еўра будзе каштаваць Мадагаскар, Мальдывы і Дамінікана.

З бюджэтных варыянтаў беларусы могуць разгледзець польскую і літоўскую Балтыку, але і тут трэба разлічваць на 300-400 еўра на асобу.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары